«Гавары праўду» патрабуе ад Мінздароўя агучваць статыстыку і бараніць медыкаў

Фота: Арцём Лява / Belsat.eu

Сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў накіраваў у Міністэрства аховы здароўя дзве петыцыі з патрабаваннем, каб чыноўнікі штодня паведамлялі пра сітуацыю з каронавірусам, а таксама абаранялі медыкаў. Цягам некалькіх тыдняў актывісты сабралі прыблізна 2,5 тысячы подпісаў, распавёў «Белсату» Андрэй Дзмітрыеў.

Фота: Арцём Лява / Belsat.eu

Актывісты кампаніі «Гавары праўду» склалі два звароты на адрас Міністра аховы здароўя. Кампанія патрабуе, каб міністэрства штодня агучвала поўную і дакладную статыстыку заражэнняў каронавірусам у краіне.

У другім звароце – патрабаванне абараніць лекараў. Непасрэдна да Міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка актывісты патрапіць не змаглі, бо іх не пусціў ахоўнік.

Андрэй Дзмітрыеў у Мінздароўя. Фота: Арцём Лява / Belsat.eu

У выніку сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў паклаў дзве петыцыі і каля двух з паловаю тысячаў подпісаў пад зваротамі ў адмысловую скрыню.

«Мы патрабуем, каб Мінздароўя штодня публікавала поўныя звесткі па гарадах, каб мы бачылі, што адбываецца па краіне. Бо я асабіста тым звесткам, што агучваюцца, не давяраю. І другая тэма – гэта зняцце з медыкаў прыніжальнай і ганебнай падпіскі аб неразгалошванні. Іх могуць пакараць толькі за тое, што не хапае масак, што нельга выехаць у «Макдоналдс» і з’есці абед. Гэта наагул не змяшчаецца ў галаве», – распавёў «Белсату» сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

Фота: Арцём Лява / Belsat.eu

Актывісты кампаніі лічаць, што калі не абараніць годнасць медыкаў цяпер, то, калі скончыцца пандэмія, людзі ў белых халатах будуць масава зʼязджаць з краіны. Таму, кажа Андрэй Дзмітрыеў, калі мы хочам, каб лекары засталіся, каб нашае дзякуй было не словам, а сапраўды справай, то трэба даць ім магчымасць казаць праўду, не ставіць іх жыццё пад рызыку, казаць праўду людзям.

«Акрамя таго, у другой петыцыі мы патрабуем аднавіць на працы звольненага віцебскага лекара больніцы хуткай дапамогі. Мы лічым, што так справы не робяцца. Калі вы нам кажаце, што захавалі цудоўную савецкую сістэму, то ёсць пытанні, чаму не захавалі пры гэтым маскі і сродкі асабістай абароны. Таму я лічу, што тут пытанне толькі да кіраўніка краіны асабіста, а таксама пытанне да кіраўніка міністэрства, якія не хочуць адказваць і прымаць адказныя рашэнні», – дадаў Андрэй Дзмітрыеў.

Ці хопіць грошай на надбаўкі медыкам? Адказваюць чыноўніца і эканамістка

СК belsat.eu

Hавiны