Скаргаў, што медычныя работнікі не атрымалі належных, паводле ўказу Лукашэнкі, даплатаў за працу з COVID-19, у нашую рэдакцыю паступае ўсё больш. У сваіх лістах медыкі абураюцца, што за праўду запалохваюць звальненнем. Шмат хто з іх задаецца пытаннем, адкуль чыноўнікі возьмуць столькі грошай, каб заплаціць належнае. Мы спыталі начальніцу Упраўлення эканамічнага аналізу і развіцця аховы здароўя Алену Ткачову ды акадэмічную дырэктарку Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру Кацярыну Барнукову.
Алена Ткачова ў размове з belsat.eu не агучыла канкрэтыкі – колькі грошай і калі вылучаць, калі яны ў поўнай меры трапяць да медыкаў. Паводле начальніцы Упраўлення эканамічнага аналізу і развіцця аховы здароўя, першыя выплаты за красавік пачаліся на пачатку траўня ды працягваюцца. Размяркоўваюцца сродкі мясцовымі органамі на месцах. Каб атрымаць даплату, трэба пайсці да кіраўніка або ў камісію пры ўстанове. Даты заробкаў і авансаў ва ўстановах розныя. Паводле чыноўніцы, міністэрства выдала метадалагічны ліст, дзе патлумачыла, каму, калі, як плаціць.
«Важна, каб кіраўнік ведаў, што канкрэтны работнік меў кантакт з COVID-пацыентам, няхай гэта будзе ліфцёр, гардэробніца або санітарка».
Аб’ём фінансавання на даплаты за каронавірус не планаваўся, дадае спадарыня Алена. Фінансава-эканамічнае абгрунтаванне праекту было прыпушчальным, бо ніхто не ведаў, на які час трэба планаваць выплату надбавак – адзін месяц, два, да канца года або вясны.
«Таму ўрад даручыў Міністэрству фінансаў, усім органам кіравання і выканаўчай улады весці строгі ўлік тых, хто атрымлівае заробак, працуючы ў звычайным рэжыме надання медычнай дапамогі, і тых, хто працуе ва ўмовах, прапісаных ва ўказе № 131. Напрыклад, кіроўца хуткай дапамогі не надае меддапамогі, але ён працуе ва ўмовах, калі вязе COVID-пацыента ды мае кантакт з брыгадаю, таму ў гэтай сітуацыі ён падпадае пад дзеянне ўказу».
Алена Ткачова дадае: абʼём фінансавання ўлічваецца кожным органам кіравання супольна з абласнымі ўпраўленнямі фінансавай дзейнасці ды падаецца ў Міністэрства фінансаў і Міністэрства аховы здароўя. Гэта не толькі заробкі паводле ўказу, але і выдаткі на сродкі індывідуальнай аховы, транспарт і г. д.
«Грошы ўлічваюць у межах вылучаных сродкаў на арганізацыю надання дапамогі. Напрыклад, выдаткі пераразмяркоўваюцца з чацвёртага кварталу на другі. Гэта значыць, што з артыкулу «купля абсталявання або аўтамабіля» фінансаванне пераносіцца на першачарговыя патрэбы. Усе сродкі накіроўваюцца на барацьбу з эпідэміяй. Калі ўсё будзе скончана і ўпарадкавана, усё гэта праверыць дзяржкантроль: гэта і дзяржаўныя выдаткі, і спонсарская дапамога, і ахвяраванні».
Акадэмічная дырэктарка і даследчыца Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Кацярына Барнукова бачыць сітуацыю з надбаўкамі так: выканаўчая ўлада не ведае, адкуль узяць грошы, якія Аляксандр Лукашэнка загадаў раздаць медыкам.
«Фактычна гэтыя даплаты – падваенне заробку медперсаналу. Айчынная ахова здароўя фінансуецца мясцовымі бюджэтамі, і гэта для іх сур’ёзная нагрузка. Ва ўказе не прапісана, ці дапаможа цэнтральны рэспубліканскі бюджэт выплачваць надбаўкі. Мы бачым класічную адміністрацыйную праблему: сказалі, што трэба зрабіць, але не сказалі як. Зразумела, што ні ў якіх бюджэтах грошай няма. Загад ёсць, але як яго выконваць, няясна, няма адпаведнага механізму яго выканання».
Спадарыня Кацярына дадае, што цяпер памеры выплатаў шмат у чым залежаць ад ініцыятывы канкрэтных кіраўнікоў медычных установаў.
«Атрымліваецца, калі хтосьці праявіў ініцыятыву на месцах, той заплаціў сваім дактарам больш. А хтосьці не здолеў знайсці грошай у мясцовым бюджэце проста таму, што іх няма. Праз гэта пачынаюцца разборкі, хто колькі гадзінаў і хвілінаў прапрацаваў з COVID-19».
***
З пачатку траўня медычныя работнікі па ўсёй Беларусі пачалі атрымліваць выплаты з прэміяй, замацаванай указам кіраўніка краіны № 131 «Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя». Згодна з дакументам, бонус прызначаецца ўсім, хто працуе з каронавіруснай інфекцыяй. Надбаўку – 300–4000 рублёў – вызначае кіраўнік установы з удзелам камісіі. Залежыць прэмія, паводле тлумачэння ўказу Міністэрствам аховы здароўя, ад «узроўню небяспекі, ступені нагрузкі і адказнасці».
ДР belsat.eu