Ганна Красуліна распавяла, калі падзе рэжым Лукашэнкі


Святлана Ціханоўская заявіла, што эксперты ейнае каманды ўжо распрацавалі план новых выбараў і прыняцця Канстытуцыі, а таксама праграму падтрымання бізнесу і ўразлівых групаў насельніцтва. Каб змусіць Лукашэнку адмовіцца ад улады, Святлана Ціханоўская выступіла з ініцыятывай адлучыць беларускія банкі ад сістэмы SWIFT. Адлучэнне ад міжнароднае сістэмы пераводаў прыпыніць імпартава-экспартавыя аперацыі ды разлікі карткамі VISA і Mastercard. Пастанову звярнуцца да ўладаў ЕЗ з просьбаю адлучыць Беларусь ад сістэмы SWIFT Ціханоўская прыме пасля ўсебеларускага інтэрнэт-галасавання.

Адлучэнне сістэмы можа спрычыніцца да хуткага падзення рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта заявіла прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна ў эфіры праграмы «Вот так».

«Як толькі Лукашэнка сыдзе, пачнецца час без Лукашэнкі. Чым хутчэй, тым лепш. Мы змагаемся за гэта кожны дзень, бо ведаем, што вялікая колькасць людзей застаецца ў турмах і вялікая колькасць людзей пад пастаянным прэсінгам. Кожны дзень мы змагаемся і спадзяёмся, што гэта адбудзецца сёння. Мы разлічваем уступіць у новы год з новым лідарам краіны. Самы крайні выпадак – люты-сакавік, калі эканамічна не будзе ніякіх шанцаў у рэжыму».

Адкуль гэткая ўпэўненасць, што пасля адлучэння гэтае сістэмы Лукашэнка сыдзе?

«Офіс Ціханоўскай ініцыюе апытанне і даследаванне меркавання беларусаў наконт таго, ці гатовыя яны пайсці на гэткі крок. Якраз для гэтага створаны сайт СЎІФТ–2020. Там ёсць пытанні і адказы пра тое, што такое СЎІФТ і як адлучэнне ад сістэмы падзейнічае на кожнага. Перад тым як прагаласаваць, трэба будзе вывучыць пытанне, яно цяжкое. Офіс Ціханоўскай пакуль не мае пазіцыі. Ён задае пытанне беларускаму народу. Захада вельмі сур’ёзная і дзейсная, але балючая. Адлучэнне – а гэта цяжкая працэдура – зойме пэўны час. Таму рыхтавацца да яго пачалі. Але ці выкарыстаем мы гэта, будзе залежыць ад развіцця падзеяў і рашэння беларусаў».

Ад сістэмы SWIFT адключаныя толькі дзве краіны – Іран і Паўночная Карэя.

belsat.eu

Стужка навінаў