Нідэрландскі турыст тры з паловаю гады быў у палоне ў баевікоў Аль-Каіды. У панядзелак французскі спецназ падчас вайсковай аперацыі ў Малі вызваліў закладніка ды арыштаваў некалькі экстрэмістаў.
Спецназ французскага войска штурмаваў вёску на паўночным усходзе Малі. «Вызваленне спадара Рэйке нагадвае пра нязломную цвёрдасць Францыі ў барацьбе супраць тэрарыстычных узброеных груповак у межах аперацыі «Бархан», – паведаміла Міністэрства абароны Францыі ды апублікавала кароткае відэа з кадрамі з месца падзеяў.
А праз некалькі гадзінаў прэзідэнт Францыі нечакана прызнаўся, што закладніка… вызвалілі выпадкова. «Тое, што нам удалося вызваліць гэтага закладніка, сталася для нас пэўнаю нечаканасцю, – сказаў Франсуа Алянд. – справа ў тым, то нашыя сілы не мелі інфармацыі пра ягонае месцазнаходжанне».
Тэрарысты з Аль-Каіды захопліваюць у палон грамадзянаў заходніх краінаў дзеля таго, каб потым патрабаваць за іх выкуп. Паводле неафіцыйных звестак, за грамадзянаў еўрапейскіх краінаў тэрарысты патрабуюць і нават атрымліваюць выкупы да мільёна долараў. Спачатку тэрарысты патрабуюць грошы ад родных закладнікаў, калі ж тыя не маюць дастаткова сродкаў, то гадамі ўтрымліваюць выкрадзеную асобу.
МЛ, belsat.eu