21 сакавіка на сайце футбольнага клубу «Тарпеда», навічка вышэйшай лігі, з’явілася абвестка пра абанементы на 2018 год.
Уладальнік абанементу «1947» (кошт Br 35) зможа паглядзець усе матчы каманды з цэнтральнага сектара.
Для ахвочых заўзець за «Тарпеда» на фанацкім сектары прапануецца абанемент «ULTRAS» (кошт Br 25).
Абанементныя карткі аформленыя ў клубных колерах з надпісамі на беларускай лацінцы. На адным з варыянтаў афармлення аўтары дызайну нібыта змясцілі слоган «Нашым гонарам ёсць вернасць». Фота абанементаў з гэтым дэвізам апублікавала «Наша Ніва» і euroradio.fm.
Паводле беларускага журналіста Алеся Пілецкага – гэта дэвіз СС (у арыгінале Meine Ehre heißt Treue).
Дэвіз выкарыстоўваўся на клінках жаўнераў СС з 1932 года. Пасля Другой сусветнай вайны быў забаронены для выкарыстання ў шэрагу краінаў.
«У некаторых пабліках у інтэрнэце сапраўды зʼявіліся выявы абанементаў з гэтым надпісам. Але такіх абанементаў не існуе ў прыродзе. Яны не друкаваліся. Гэта зрабілі нашыя ворагі. Той, хто распаўсюджвае такую інфармацыю – вораг Беларусі. Абанементы з афіцыйным дызайнам ёсць на нашай старонцы», – паведаміў Belsat.eu прадстаўнік прэс-службы ФК «Тарпеда» Аляксей Янушэўскі.
«Нашым гонарам ёсць вернасць» – гэта таксама радок з песні «Белы Легіён».
Нашым гонарам ёсць вернасць,
Нашай годнасцю ёсць бой.
У імя дзядоў і веры
Мы паклічам за сабой.
Уздымай вышэй штандары
І — Радзіма альбо скон!
Як агонь нябёснай кары,
Крочыць Белы Легіён.
ЮВ, belsat.eu