Фільм «Белсату» пакажуць у Цэнтры Жоржа Пампіду ў Парыжы


Дакументальная стужка Віктара Аслюка «Шчаслівыя людзі» з фільматэкі «Белсату» ўвайшла ў конкурсную праграму прэстыжнага міжнароднага фестывалю «Cinéma du Réel», які пройдзе пад канец сакавіка ў сталіцы Францыі.

Фестываль «Cinéma du Réel» праводзіцца з 1978 года і стаўся адной з галоўных падзеяў у сферы дакументальнага кіно ў свеце. Штогод на паказы фестывалю прыходзяць каля 17 тыс. чалавек. Сёлета ў конкурсную праграму кароткаметражных фільмаў было абрана 11 стужак, сярод якіх фільм Віктара Аслюка «Шчаслівыя людзі». Гэтую стужку, знятую для «Белсату», пакажуць у адной з галоўных у Францыі пляцовак культуры – Нацыянальным цэнтры мастацтва і культуры імя Жоржа Пампіду.

Стваральнікі фільму «Шчаслівыя людзі» зацікавіліся дзвюма сем’ямі ў Расонскім раёне, на мяжы з Расеяй, якія пасяліліся ў глыбіні лесу і жывуць без электраэнергіі, сувязі, амаль без грошай ды іншых атрыбутаў сучаснага жыцця. Яны вярнуліся на малую радзіму з вялікіх гарадоў – адныя з Пецярбургу, другія з прадмесця Масквы, каб пачаць новае жыццё. Але іхныя мары і спадзяванні сутыкнуліся з беларускаю рэчаіснасцю.

У 2012 годзе іншы фільм Віктара Аслюка «Зямля» атрымаў узнагароду Міжнароднага фестывалю «Cinéma du Réel» ў катэгорыі замежных кароткаметражных дакументальных фільмаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў