Фармацэўт аптэкі ў Менску: Медычныя маскі скончыліся, іх раскупілі студэнты


На фоне паведамленняў аб распаўсюдзе каронавірусу ў менскіх аптэках пачынаецца дэфіцыт медычных масак. У адной з аптэчных сетак маскі ўвогуле скончыліся.

«Зараз масак у наяўнасці няма. У нас побач інтэрнат, шмат студэнтаў, кітайцы скупілі. Але я вам адразу скажу, яна [маска. – Belsat.eu] ніяк «не зробіць надвор’я». Калі вы пра вірус, які зараз у Кітаі, то яна ніяк не ўратуе», – кажа фармацэўт адной з цэнтральных аптэк Менску.

Паводле фармацэўта, гэтыя маскі апранае той, хто хварэе, каб не заразіць людзей навокал. Але каб не падчапіць вірус, неабходны іншы тып масак – з міні-рэспіратарам. Такія ў аптэках набыць нельга. У іншай аптэцы гэтай жа кампаніі нам пацвердзілі, што масак у сетцы няма ўвогуле.

«Скончыліся, зараз дэфіцыт праз вірус. Я выйшла на працу ў панядзелак – ужо не было», – кажа фармацэўт.

Hавiны
З Кітаю праз каронавірус эвакуююць замежнікаў. Інфекцыя забрала жыцці 132 асобаў
2020.01.29 06:44

Паводле сайту tabletka.by, у іншых аптэках медычныя маскі яшчэ ёсць. Тое ж кажуць і ў буйнейшай менскай сетцы аптэк «Белфармацыя».

Успышка пнеўманіі, узбуджальнікам якой стаў невядомы раней тып каронавірусу, была зафіксавана ў кітайскім горадзе Ўу-Хань 31 снежня. Медыкі папярэджваюць, што сімптомы хваробы нагадваюць сімптомы грыпу: насмарк, кашаль, боль у грудной клетцы, кан’юнктывіт, падвышаная тэмпература, галаўны боль, слабасць і нават дыярэя. Ад каронавірусу ўжо памерла 132 асобы, заразіліся – 5 974. Раней паведамлялася, што ў Беларусі некалькі асобаў шпіталізавалі з падазрэннем на «кітайскі» вірус, але дыягназ не пацвердзіўся.

З мінулага тыдня ў Менскім Нацыянальным аэрапорце ўзмоцненыя меры бяспекі – усе пасажыры, якія прылятаюць з краінаў, дзе выявілі вірус, праходзяць санітарна-каранцінны кантроль. Адзіная аптэка ў аэрапорце належыць сетцы «Белфармацыя». Фармацэўт гэтай аптэкі таксама заявіла, што не можа даваць каментары, але сказала, што ў іх маскі ёсць у дастатковай колькасці.

ВР Belsat.eu

Стужка навінаў