Лекар даў парады, як засцерагчыся ад каронавірусу


У сталіцы Кітаю, Пекіне, абвясцілі найвышэйшы ўзровень пагрозы здароўю – праз каронавірус. Выпадкі заражэння ўжо зафіксаваныя ў ЗША, Карэі, В’етнаме ды іншых краінах. Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя Беларусі супакойвае грамадзянаў: у дзяўчыны, якая вярнулася з Кітаю і трапіла ў шпіталь з высокаю тэмпературай, звычайны грып.

Як можна засцерагчыся ад каронавірусу? Лекар гарадзенскага гарадскога шпіталю Уладзімір Пруднікаў распавёў, што для гэтага рабіць грамадзянам Беларусі:

«Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўжо выпрацавала некаторыя меры прафілактыкі. Гэта такія самыя неспецыфічныя метады прафілактыкі як і для любой рэспіраторнай інфекцыі. Напрыклад, пазбягаць натоўпаў, пазбягаць перапоўненага грамадскага транспарту, пры кантактаванні з людзьмі, якія маюць ліхарадку ці прыкметы некаторых вірусных інфекцыяў, прыкрываць рот і нос медычнай гігіенічнай маскай, праветрываць памяшканне. І з улікам таго, што гэты новы муціраваны вірус зараз звязваюць з прадуктамі жывёльнага паходжання, то не ўжываць у ежу сырую рыбу, сырое мяса ці дрэнна прыгатаваныя прадукты жывёльнага паходжання…»

Працяг размовы – у відэа.

Віталь Бабін belsat.eu