Еўразвяз раскрытыкаваў мясцовыя выбары ў Беларусі і паабяцаў дапамагчы з рэформамі


У сваёй пісьмовай заяве Еўрапейская служба знешніх сувязяў (EEAS) раскрытыкавала выбары ў мясцовыя саветы, што прайшлі ў Беларусі 18 лютага.

«Мясцовыя выбары ў Беларусі, якія адбыліся 18 лютага, былі магчымасцю для павышэння легітымнасці мясцовых дэпутатаў у краіне, аднак шэраг ключавых рэкамендацый і сістэмныя недахопы, выяўленыя Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ і Венецыянскай камісіяй Рады Еўропы пасля папярэдніх выбараў, былі праігнараваныя», – гаворыцца ў заяве.

ЕЗ па-ранейшаму чакае ад беларускіх уладаў неадкладна аднавіць працу па сур’ёзнай і ўсёабдымнай рэформе выбарчага заканадаўства і выбарчай працэдуры. На думку ЕЗ, такая рэформа павінна быць праведзена як мага хутчэй напярэдадні чарговых выбараў, з тым каб выканаць ранейшыя рэкамендацыі і забяспечыць роўныя магчымасці. Працэс рэформаў павінен быць празрыстым і ўсёабдымным. Гэта таксама будзе дадатковым крокам на шляху да дасягнення поўнага патэнцыялу дачыненняў паміж ЕЗ і Беларуссю, абапіраючыся на пазітыўнае супрацоўніцтва, якое было нядаўна ўзбагачана шэрагам мясцовых ініцыятываў.

У Еўразвязе падкрэслілі, што гатовыя дапамагчы Беларусі ў яе намаганнях па правядзенні выбарчага працэсу ў адпаведнасці з абавязацельствамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў.

КА, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары