Валера Руселік «Эскорт-паслугі» ў пагонах

журналіст, літаратар

Міліцыянты на плошчы Якуба Коласа, 25 сакавіка 2018 года. Фота - Ірына Арахоўская

4500$ трэба будзе заплаціць міліцыі за мітынг колькасцю больш за 1000 чалавек, напісаў у сябе ў Фэйсбуку адзін з арганізатараў сённяшняга святкавання 101-годдзя БНР Эдуард Пальчыс. Прыкладна пра гэткую ж суму, толькі ў беларускіх рублях, і на гэтыя ж мэты напісаў у ФБ і адзін з арганізатараў сёлетняга Дня Волі Юрась Губарэвіч. І вы яшчэ здзіўляецеся, што Насця Рыбка – грамадзянка менавіта Беларусі?

Ды нашая краіна – сапраўдны пупок прадажнага сэксу! Бо дзе яшчэ ў свеце прэйскурант на «эскорт па выкліку» зацвярджаецца на ўзроўні Савету міністраў? А ў Беларусі – калі ласка! Хочаш падцянутых хлопцаў ува ўніформе выклікаць на невялічкі сабантуйчык да 10-ці чалавек – заплаці тры базавыя, на сабантуйчык памерам у вяселле альбо карпаратыў да сотні чалавек – 25 базавых, ну і гэтак далей. З выездам да кліента (то бок не на вызначаную ўладамі пляцоўку пад масавыя мерапрыемствы) дзейнічае падвышаны ў паўтара раза тарыф. Але ўсё адно, у прынцыпе, нядорага атрымліваецца: калі скінуцца, то як за 3-4 пляшкі піва – і шоў табе забяспечанае! Затрыманні, збіццё, аўтазакі – тут аплата залежыць ад суда: могуць ці за бясплатны бонус залічыць, ці за паслугі, якія вымагаюць дадатковай аплаты. Яшчэ адзін абавязковы фірмовы бонус – праца відэааператараў. Штопраўда, атрымаць святочны фільм ад апошніх нерэальна. Недапрацовачка.

Урад агучыў, колькі арганізатары масавых мерапрыемстваў павінны заплаціць міліцыянтам і медыкам

Зрэшты, у Савеце міністраў людзі, адразу відаць, сядзяць прагрэсіўныя, модныя і, як той казаў, маладзёжныя. Акрамя міліцэйскага «эскорту» чыноўнікі зацвердзілі і аплату паслугаў медыкаў ды камунальнікаў. Ну, медсёстры – сюжэт вядомы. А камунальнкіі – гэта хто? Ааа, гісторыі з сантэхнікамі і ўсё такое?

А калі сур’ёзна, то, канешне ж, адразу ўзнікае лагічнае пытанне да ўладаў: а чаму гэта арганізатары наагул мусяць аплочваць працу міліцыянтаў у часе мітынгаў ды іншах масавых акцыяў? Ці ж гэтая праца не аплочаная ўжо з нашых падаткаў у выглядзе міліцэйскіх заробкаў? І за што міліцыянты тады ўласна атрымліваюць свае заробкі?

Ну і, канешне ж, пытанне і да Савету міністраў: а вось вы там свае заробкі за што маеце? За тое, каб паляпшаць жыццё беларусаў, якія вас утрымліваюць? Ці вось за гэткую дурноту, якую інакш як нецэнзурным акрэсленнем прадажнага сэксу і не назавеш?

Што не так з законам аб масавых мерапрыемствах у Беларусі? Тлумачым

Валера Руселік belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары