Што не так з законам аб масавых мерапрыемствах у Беларусі? Тлумачым


На мінулым тыдні набылі моц шэраг зменаў у заканадаўства аб мітынгах і дэманстрацыях. Хаця ўвядзенне паведамляльнага прынцыпу правядзення масавых мерапрыемствах можа падавацца крокам наперад, насамрэч беларускае заканадаўства працягвае не адпавядаць міжнародным стандартам. Да такіх высноваў прыйшлі праваабаронцы падчас дыскусіі на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» у Менску.

Belsat.eu тлумачыць хібы закону аб масавых мерапрыемствах у трох пытаннях і адказах.

У чым сутнасць новых правілаў?

Змены ў закон аб масавых мерапрыемствах ухваліла Палата прадстаўнікоў летась у чэрвені, а ў ліпені дакумент зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка. Частка новаўвядзенняў набыла моц адразу, частка – толькі ў студзені 2019 года.

Дзень Волі-2018

Галоўнае змена – гэта ўвядзенне паведамляльнага прынцыпу правядзення мітынгаў і дэманстрацыяў, які будзе дзейнічаць разам з дазваляльным. У адпаведнасці з паведамляльным прынцыпам арганізатарам акцыі пратэсту не трэба чакаць дазволу, а трэба за 10 дзён да мерапрыемства проста паведаміць пра свае планы мясцовым уладам, пасля гэтага мерапрыемства можна рэкламаваць. Забараніць акцыю ўлады могуць толькі ў тым выпадку, калі ў гэтым месцы і ў гэты час ужо запланавана іншае мерапрыемства. Праўда, праводзіць мітынгі можна выключна ў зацверджаных месцах, а іх выбар вельмі абмежаваны.

Арганізатарам акцыі з колькасцю ўдзельнікаў больш за тысячу чалавек можа быць толькі прафсаюз, партыя або іншая юрыдычная асоба. Арганізатарам акцыі, у якой будуць удзельнічаць менш за тысячу чалавека, можа быць звычайны грамадзянін. Але асобы, што маюць судзімасць, быць заяўнікам масавага мерапрыемства не могуць быць у любым выпадку.

Акрамя таго, новыя правіла ўніфікуюць аплату паслугаў праваахоўных органаў, медыкаў і камунальнікаў падчас мітынгаў.

Заяўляльны прынцып пашырае магчымасці для масавых акцыяў?

Святкаванне стагоддзя незалежнасці Беларусі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Насамрэч не. Па-першае, паводле заяўляльнага прынцыпу можна праводзіць акцыі толькі ў вызначаных уладамі месцах. Напрыклад, у Менску якасці такіх месцаў зацверджаны шэсць кропак: сквер Жукава, Тучынскі сквер, уваход у парк імя Ніны Грэкавай, парк Дружбы народаў, Кіеўскі сквер і парк 50-годдзя Вялікага Кастрычніку. Гэтыя месцы малалюдныя, а значыць, паводле праваабаронцаў, вулічныя акцыі пазбаўляюцца свайго галоўнага прынцыпу – бачнасці і чутнасці пры выказванні грамадзянамі сваіх меркаванняў. Мітынг, які ніхто не бачыць і не чуе, страчвае сэнс.

Па-другое, паводле паведамляльнага прынцыпу можна праводзіць толькі статычныя акцыі – то бок мітынгі або пікеты. Калі акцыя прадугледжвае шэсце, то на яе ў любым выпадку трэба падаваць заяўку.

Па-трэцяе, досвед паводзінаў мясцовых уладаў сведчыць пра тое, што чыноўнікі заўсёды могуць праз пэўныя маніпуляцыі і выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу забараніць правядзенне акцыі нават у зацверджаным месцы. Напрыклад, летась у Светлагорску мясцовыя жыхары хацелі правесці мітынг супраць заводу сульфатнай цэлюлозы. Аднак кожны раз, калі арганізатары падавалі заяўку на правядзенне акцыі на адзінай зацверджанай пляцоўкі на стадыёне «Папяровік», ім адмаўлялі. Улады тлумачылі гэты тым, што месца нібыта ўжо было занятае – там плануецца свята БРСМ, мерапрыемства спартоўцаў і г.д.

Што трэба змяніць?

Валянцін Стэфановіч. Фота – spring96.org

«Асноўныя прэтэнзіі да закона аб масавых мерапрыемствах засталіся актуальнымі», – кажа намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца лічыць недарэчнай норму, паводле якой арганізатары мітынгаў і дэманстрацыя мусяць плаціць за паслугі міліцыі, камунальнікаў і медыкаў падчас акцыяў. Гэтую норму трэба цалкам скасаваць.

«Бо атрымліваецца, што мы плацім грошы за рэалізацыю сваіх канстытуцыйных правоў», – кажа ён.

Паводле Стэфановіча, колькасць дазволеных для правядзення масавых мерапрыемстваў пляцовак мусіць быць пашырана. Нават калі гэта паркі на ўскраіне гораду, як у выпадку Менску, пляцовак усё роўна мусіць быць больш, бо ў некаторых гарадах ёсць толькі адно дазволенае месца. Натуральна, трэба каб сярод дазволеных пляцовак быў і цэнтр гораду, бо менавіта ў публічнасці і заключаецца сэнс вулічных акцыяў.

Акрамя таго, праваабаронца заклікае маніторыць, як на практыцы будуць выконвацца нават тыя нормы, якія ўжо ёсць у законе.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў