«Дзяўчынкі ў школах не павінны баяцца хадзіць у спадніцах». Галоўныя заявы Лукашэнкі на канферэнцыі па бяспецы


Belsat.eu сабраў самыя яскравыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі з ягонай прамовы на адкрыцці паседжання Асноўнай групай экспертаў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Менску.

Пра магчымасць ядравай вайны і форт Трампа

Лукашэнка заявіў, што Менск і Масква займаюцца пошукам адэкватнага і незатратнага адказу на магчымае размяшчэнне сталай вайсковай базы ЗША у Польшчы.

«Вядома, нас гэта турбуе. Калі, дапусцім, у Польшчы яны заяўляюць, што гатовыя марнаваць мільёны долараў, каб размясціць там нейкі форт Трампа, вядома, мы не ідыёты і, вядома, на гэта рэагуем», – заявіў ён, – Вядома, мы са сваім галоўным саюзнікам (Расеяй) думаем пра тое, як нам супрацьстаяць усяму гэтаму і як з мінімальнымі выдаткамі знайсці адэкватны адказ».

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што, тыя, хто »«разгортвае балбатню ў СМІ і размахвае ядравымі боегалоўкамі нават не думаюць аб бяспецы сваіх народаў».

Лукашэнка заявіў таксама, што калі ў самы бліжэйшы час не спыніць махавік канфрантацыі і працэс злому агульнапрызнаных правілаў гульні, то можа адбыцца далейшая эскалацыя проціборства.

«Палыхне ўжо не толькі Украіна ці Усходняя Еўропа. Так недалёка і да ядравага канфлікту паміж геапалітычнымі гульцамі, у якім не будзе пераможцаў», – сказаў ён.

Пра вайну на Данбасе

Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова ўзяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расейска-ўкраінскай мяжы, а таксама суправаджаць правядзенне выбараў на Данбасе (падрабязней – тут).

«Не спяшайцеся гэта адпрэчваць. Мы не хочам перад вамі тут вырабляцца. Нашыя прапановы заснаваныя на тым павазе з боку ўкраінскага народа і той пазіцыі, ролі, якую адыгрывае Беларусь з самага пачатку гэтага канфлікту, – сказаў ён. – Мы гатовыя вырашыць гэтую праблему, толькі калі будзем упэўненыя, што асноўныя сусветныя гульцы хочуць свету ў нашым агульным еўрапейскім доме, калі няма зацікаўленых, каб разаграваць сітуацыю ва Украіне і зрабіць яе пунктам апірышча процідзеяння Расеі і Беларусі».

«Людзі стаміліся ад вайны ў Украіне. Гэтая вайна нікому не патрэбная – ні Беларусі, ні Расеі», – падкрэсліў ён.

Пра дэмакратыю

Лукашэнка лічыць, што Захад мае вялікія праблемы з дэмакратыяй.

«Дзяўчынкі ў школах не павінны баяцца хадзіць у спадніцах. Пра якую дэмакратыю тут можна казаць?» – сказаў ён. «А дзе правы чалавека ў тых расстраляных у Нарвегіі (сем ці восем дзясяткаў чалавек было забіта), дзе іх правы чалавека, іх родных і блізкіх? А ён (Андэрс Брэйвік) сядзіць у трохпакаёвай кватэры і патрабуе яшчэ нейкіх правоў і прывілеяў», – дадаў Лукашэнка.

«Давайце паглядзім, што адбудзецца з дэмакратыяй у Заходняй Еўропе. Калі ўжо прасунутыя немцы не ацанілі ролю Меркель у сучаснай гісторыі і спрабуюць выкінуць яе на задворкі гісторыі… – сказаў ён. – Я часта кажу: вы хутка прыедзеце да нас вучыцца нашай дэмакратыі, таму што ў аснове яе ляжыць стабільнасць і нармальнае жыццё людзей».

Лукашэнка адначасова выказаў абурэнне, што Захад працягвае мець прэтэнзіі да беларускіх уладаў па пытаннях правоў чалавека.

«Нам кажуць, што Еўропа зацікаўлена ў суверэнітэце Беларусі. Пры гэтым асобныя нашы заходнія партнёры ў захапленні ад пазіцыі Менску па Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, па Крыме і Данбасу. Аднак як толькі даходзіць да канкрэтных пытанняў узаемадзеяння, то ў нас, аказваецца, ёсць праблемы з правамі чалавека», – адзначыў ён.

ІІ, belsat.eu, паводле Интерфакс і БелТА

Стужка навінаў