Дзяцей, выжылых у Карэліі, хочуць адправіць адпачываць на Чорнае мора


З адпаведнай прапановай выступіў упаўнаважаны пры прэзідэнце Расеі па правах дзіцяці Павел Астахаў. Пра гэта ён напісаў у сваім «Twitterʼы».

Паводле чыноўніка, адпачынак дзяцей з бацькамі на мора павінен быць аплачаны за кошт бюджэту.

Пакуль невядома, ці прыняў урад Масквы ягоную прапанову.

Асобу Астахава апошнімі днямі актыўна абмяркоўвалі карыстальнікі сацсетак. 23 чэрвеня амбудсмен сустрэўся са школьнікамі, якія цудам выжылі падчас шторму на Сямвозеры, і распачаў размову словамі «ну што, як паплавалі?».

Пазней Астахаў назваў гэты сюжэт вырваным з кантэксту, а свае словы патлумачыў спробай здабыць важную для следства інфармацыю.

Трагедыя на Сямвозеры здарылася 18 чэрвеня. Група школьнікаў з Масквы і Пецярбургу, якая адпачывала ў летніку ў Карэліі, выправілася ў паход нягледзячы на штармавое папярэджанне. Надзіманы пантон перакуліўся. Загінула 14 дзяцей.

Па факце іх смерці завялі крымінальную справу, затрымалі пяцёх падазраваных. Пасля трагедыі высветліліся жахлівыя ўмовы ў лагеры: антысанітарыя, неарганізаванасць, праблемы з бяспекаю і дакументацыяй. У выніку летнік зачынілі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў