Дырэктарку «Белсату» узнагародзілі медалём да 100-годдзя БНР


18 чэрвеня сябра Рады БНР Аляксей Дзікавіцкі ўзнагародзіў дырэктарку «Белсату» Агнешку Рамашэўскую-Гузы медалём да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Падзея адбылася на пашыраным паседжанні кіраўніцтва каналу ў варшаўскім офісе «Белсату».

Цягам гэтага года медалём узнагародзяць 130 асобаў з Беларусі і замежжа. Першым пасмяротную адзнаку атрымаў Юрый Туронак. Гэта адбылося 18 лютага на вечарыне памяці ў гонар выбітнага польска-беларускага гісторыка.

Медаль да 100-годзя БНР беларускі ўрад у эміграцыі ўручае «за пажыццёвыя заслугі ў працы дзеля здзяйснення ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 года, у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

Агнешка Рамашэўская-Гузы – аўтарка ідэі стварэння і дырэктарка першага і пакуль што адзінага незалежнага тэлебачання для беларусаў. Спадарыня Агнешка – вядомая польская журналістка, якая шмат гадоў супрацоўнічае як з друкаванымі медыямі, так і з тэлебачаннем.

Агнешка Рамашэўская-Гузы – сябра Асацыяцыі польскіх журналістаў.

Тэкст і фота Юліі Шаблоўскай

Стужка навінаў