Дэпутаты прынялі законапраект аб амністыі: ён закране амаль 12 тыс. асуджаных

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі 5 траўня законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Пра гэта паведамляе БелТА.

Прадстаўляючы дакумент, міністр унутраных справаў Юрый Караеў адзначыў, што папярэдне ад розных відаў пакаранняў плануецца вызваліць 5372 асуджаных: з месцаў пазбаўлення волі – 1985 чалавек, з папраўчых установаў адкрытага тыпу – 727, з крымінальна-выканаўчых інспекцыяў – 2660.

Таксама мяркуецца скараціць тэрмін пакарання на 1 год 6,4 тыс. асуджаным, у тым ліку непаўналетнім, асуджаным паводле ч.ч.4 і 5 ст.328 КК, і асобам, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы.

З беларускіх турмаў выпусцілі 2,5 тысячы зняволеных

Мінулая амністыя – у звязку з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – паўплывала на лёсы 9 тыс. асобаў, якія адбывалі пакаранне ў турмах і на «хіміі». Больш за 2,5 тыс. асуджаных выйшлі на волю.

4,5 тысячам асуджаных тэрмін пакарання скарацілі на 1 год. Каля 200 асуджаным, якія ўчынілі злачынствы ў непаўналетнім узросце, тэрмін пакарання скарацілі на 2 гады.

Звычайна пад амністыю трапляюць непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія выхоўваюць дзяцей векам да 18 гадоў, інваліды I і II груп ды іншыя.

МГ belsat.eu

Hавiны