Дэфіцыт салідарнасці

Беларускае грамадства перажывае ўнутраную эвалюцыю, яно паступова, усведамляючы неабходнасць пераменаў у краіне, ператвараецца з абывацеляў у грамадзян. Але нягледзячы на пэўны палітычны аптымізм часткі насельніцтва, на ўздым, веру ў новых лідэраў, адчуваецца глыбокі дэфіцыт салідарнасці, які не дазваляе супраціўляцца ціску ўладаў.

Палітычная салідарнасць – гэта калектыўнае ўсведамленне агульных інтарэсаў і мэтаў, унутраная гатоўнасць іх абараняць нават на шкоду ўласным. Салідарнасць – гэта адзіная ўмова выжывання грамадства, яго здольнасць супрацьстаяць палітычным пагрозам, здольнасць абараняць і абараняцца.

«Рэжым Лукашэнкі стаў пагрозай для грамадства, і разуменне гэтага пачынае паступова захопліваць свядомасць беларускага насельніцтва, але каб справіцца з гэтай пагрозай не дастаткова лідэра, не дастаткова выбараў і галасавання, неабходная ўнутраная сацыяльная грамадзянская згуртаванасць, агульнасць думак і дзеянняў».

Аўтарытарныя сістэмы заўсёды абапіраюцца на сілу, але пры гэтым адным з важных элементаў іх стабільнасці з’яўляецца электаральная падтрымка хаця б 30-40% насельніцтва. Цяперашняя кампанія ў Беларусі паказала, што Лукашэнка практычна цалкам яе страціў. Аднавіць падтрымку і лаяльнасць ён ужо не зможа.

Пікет у Менску. 31 траўня 2020.
Фота: Belsat.eu

Электаральны аўтарытарны рэжым на працягу некалькіх дзён перафарматаваўся ў выключна мілітарысцкі. Фактычна мы маем ваенную дыктатуру. Яна праіснуе да таго часу, пакуль сістэма ў стане забяспечыць сабе лаяльнасць з боку сілавікоў і захаваць дэфіцыт сацыяльнай салідарнасці ў грамадстве.

Дэфіцыт салідарнасці абумоўлены тым, што абывацельская свядомасць у нашых людзях усё яшчэ дамінуе і абмяжоўвае магчымасці грамадзянскай актыўнасці. Сям’я, дом, праца, машына, крэдыт, сябры і шашлыкі – складаюць аснову абывацельскай свядомасці. Гэта жыццёвая формула большасці, і яе рэалізацыя залежыць ад уласных штодзённых дзеянняў і ладу думак. У выпадку з беларусамі, поспех гэтых практык таксама залежыць ад здольнасці суіснаваць з уладай і выконваць яе патрабаванні. Лаяльнасць у адносінах да ўлады падмацоўваецца страхам і пачуццём безабароннасці, якое сам чалавек пераадолець не зможа.

«У сваю чаргу, дасягненне палітычных свабод і правоў (у тым ліку права выбару) – калектыўныя практыкі і каштоўнасці. Яны патрабуюць агульных намаганняў і дзеянняў і штурхаюць на прамую канфрантацыю з уладай. Разуменне гэтага з’яўляецца асновай грамадзянскай свядомасці, якое грунтуецца на ўзаемным даверы, на веры ў тое, што той іншы, каго ты не ведаеш, думае гэтак жа і гатовы ахвяраваць сваімі інтарэсамі дзеля цябе, як і ты дзеля яго».

Уся гэтая сетка псіхалагічных і палітычных сувязяў, якія павінны ўмацоўвацца і выяўляцца кожны дзень – з’яўляецца грамадскай салідарнасцю. Сіла і эфектыўнасць аўтарытарызму як раз заключаецца ў тым, што ён разрывае і паралізуе гэтыя сувязі, запіхвае грамадзяніна ў клетку абывацельскай свядомасці.

лукашэнка
Нязменны кіраўнік Беларусі.
Фота: president.gov.by

Зараз відавочна, што палітычная сістэма сутыкнулася з небывалым унутраным крызісам, але яна працягвае дэманстраваць сілу, запалохваць, арыштоўваць актывістаў, пагражаць тым, хто ўзяў на сябе цяжар лідэрства.

З іншага боку, насельніцтва ўсё больш адкрыта выказвае сваю незадаволенасць, Адзначаецца моцная электаральная падтрымка для апанентаў улады, у некаторай ступені адбылася яе візуалізацыя – «падпісная рэвалюцыя». Але пакуль гэтая падтрымка не перарасла ў структурную, агульнанацыянальную сілу, якая б магла блакаваць дзеянні рэжыму. Незадаволенасць праяўляецца і выяўляецца у межах адведзеных рытуалаў-практык: подпісы, агітацыя, галасаванне, а таму хутка душыцца.

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Без шырокага грамадзянскага дзеяння, руху, які б аб’ядноўваў людзей ва ўсіх сферах грамадска-палітычнага жыцця, рытуалы застануцца рытуаламі і не выклічуць перамены, колькі б іх не паўтаралі.

Грамадзянскае дзеянне з’яўляецца выразам салідарнасці, ёсцьнічым іншым як здольнасцю грамадзян абараняцца ад дзяржаўнага гвалту, самавольства, як на ўзроўні асобнага калектыву, так і на ўзроўні горада, усёй краіны. Грамадзянскі рух на ўзроўні калектыву (лекары, студэнты, настаўнікі, рабочыя) заключаецца ў здольнасці дадзенай супольнасці абараніць свае інтарэсы, асобных сваіх членаў, якіх закранулі палітычныя ганенні і рэпрэсіі.

«Самы эфектыўны спосаб абароны – гэта забастоўка, якая паралізуе працу той ці іншага ўстановы. У сваю чаргу, грамадзянская свядомасць, пачуццё салідарнасці павінна падштурхнуць калектывы астатніх устаноў (прадпрыемстваў, ВНУ, бальніц, школ) на ўсеагульныя акцыі падтрымкі».

Менавіта гэтак павінныя былі дзейнічаць настаўнікі беларускіх школ, каб падтрымаць педагога Ганну Севярынец. Менавіта гэтак павінныя былі дзейнічаць лекары беларускіх больніц, каб абараніць Сяргея Лазара, Паўла Палейчыка і іншых медыкаў, якія адважыліся казаць праўду пра эпідэмію ў Беларусі. Але дэфіцыт салідарнасці ўтрымлівае супольнасці ў пасіўным стане і дазваляе дзяржаве распраўляцца з любым непажаданым – ад студэнта да кандыдата ў прэзідэнты. У сваю чаргу, палітычныя лідары павінны ўмацоўваць і пашыраць адчуванне і праявы салідарнасці.

Грамадзяне павінны быць салідарныя, калі яны хочуць пераменаў. Іншых спосабаў няма. Для гэтага не патрэбныя асаблівыя структуры, для гэтага патрэбна калектыўная воля і калектыўная смеласць, адзінства думак і чаканняў. Супраць грамадзянскага дзеяння рэпрэсіўная дзяржава бяссільна. Грамадзянскае дзеянне здольнае паралізаваць практычна любую аўтарытарную сістэму і прымусіць пайсці на саступкі, разбурыць тыранічную ўладу.

Фота: «Белсат»

Калі беларускія грамадзяне ў сваёй большасці гатовыя да пераменаў і хочуць сумленных выбараў, калі яны хочуць абараніць тых, каго лічаць сваімі лідэрамі, яны павінны рашыцца на грамадзянскае дзеянне, на дзеянне салідарнасці ў кожным калектыве, на кожным прадпрыемстве ў адзін дзень па ўсёй краіне – спыніць працу.

Не чакайце, што тыя, хто ўступіў у прэзідэнцкую кампанію, здольныя супрацьстаяць аўтарытарнай дзяржаве і зламаць сістэму. Гэта можа зрабіць толькі згуртаванае грамадства грамадзян, зрабіць гэта хутка, без сутыкненняў на вуліцах гарадоў. Дастаткова толькі аднаго дзеяння – салідарнасці.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў