«Давай «Мурку» ці які шансон!» Як галасуе Горадня


Галасаванне ў Горадні. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Нядзеля. Раніца ў Горадні. Горад пусты. Перыядычна праязджаюць машыны міліцыі. Ля будынку аблвыканкаму складзеныя штабялямі турнікеты. Імаверна, чакаюць вечару… А я іду галасаваць на свой выбарчы ўчастак – школу №2 на вул. 17 Верасня.

На падворку ля школы выстаўленыя сталы, крэслы, парасолі як у вулічных кавярнях. Тут месціцца буфет. З калонак гучыць «Белавежская пушча» Мулявіна. Побач стол з прыкладамі дзіцячай творчасці – вышытыя пастаральныя карцінкі, якія занялі нейкія месцы на гарадскіх конкурсах. За адным са сталоў сумуюць мужчыны ў белых кашулях. Міліцыі па форме ані на вуліцы, ані ўсярэдзіне няма – упершыню.

Шторкі на месцы, а міліцыі – няма.

Галасаванне ў Горадні. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Іду доўгімі пустымі школьнымі калідорамі з пахам хлёркі. У вялікім памяшканні даўжэзны стол, за якім дзясятка два чальцоў камісіі са спісамі паводле адрасоў. Праз аднаго ў масках, хаця ў некаторых маскі апушчаныя на шыю і падбароддзе: так дыхаецца лягчэй. Агульная атмасфера – як на памінках. Усе змрочныя, маўчаць. Па цэнтры памяшкання – шкляная ўрна, нібы маленькая труна.

Пашпарт, подпіс у спісе, бюлетэнь у мяне ў руках. Наступны этап квэсту – кабінка. Надзіва, шторы нікуды не зніклі! Хочаш завешвай, хочаш – не. Але яны на месцы. Стаўлю галачку, фатаграфую бюлетэнь з абодвух бакоў. Два подпісы чальцоў камісіі на месцы, усё як мае быць. Складаю бюлетэнь некалькі разоў – закідваю. Калі выходжу, дагэтуль маўклівыя чальцы камісіі нібы прачынаюцца: «Да пабачэння!» – хорам. Ажно перадзёрнула.

«Цой – гэта… састарэла ўжо»

Ужо на вуліцы сядаю за буфетны столік. Трэба ж выдахнуць, даслаць фота бюлетэня на платформу «Голас». Я б выпіў чаго халоднага з газаваных напояў, але… Няма. Ёсць розныя гатункі піва, мінеральная вада, нейкія кан’які. Што паробіш? «Дайце марозіва калі ласка». На вітрыне выкладзеныя каўбасы, курыца, сасіскі ў цесце і нават сушы. Невысокая жанчынка сталага ўзросту з пакетам, відаць, прыйшла як у краму: выбірае паміж каўбасой з курыцы і са свініны.

Галасаванне ў Горадні, Беларусь. 9 жніўня 2020 года. Фота: Мікола Камінскі / Белсат
Галасаванне ў Горадні, Беларусь. 9 жніўня 2020 года. Фота: Мікола Камінскі / Белсат
Галасаванне ў Горадні, Беларусь. 9 жніўня 2020 года. Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Цікава, што раніцай моладзі ці нават людзей сярэдняга ўзросту на ўчастку няма. Ёсць усяго некалькі пенсіянераў. А яшчэ школьная адміністрацыя, чальцы камісіі, прадавачкі ў буфеце. Усе мітусяцца, бегаюць, бо музыка перыядычна знікае: нешта з тэхнікай. Пачынаюцца музычныя дэбаты:

– Давай «Мурку» ці які шансон! Весялей будзе! – кажа жанчынка з камісіі.

– А можа «Кіно»?! – з усмешкай прапануе барадаты сівы мужчына, які прыйшоў галасаваць з маленькім сынам.

– Не-не, не трэба. Цой – гэта… састарэла ўжо, – махае рукамі жанчына.

– Дык мода вяртаецца, чаму не?

– Шансон! Лепш шансон!

Галасаванне ў Горадні. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Мужчына з сынам яшчэ раз усміхаецца і сыходзіць. Маўклівымі поглядамі яго доўга праводзяць мужчыны ў белых кашулях і жанчыны з камісіі. Дзень толькі пачынаецца.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў