Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі ўпершыню сустрэнуцца на палях ІІ Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі ў Жытоміры, запланаваная дата – 4 кастрычніка. Belsat.eu запытаў у экспертаў, чаго Зяленскі чакае ад беларускага боку падчас сустрэчы і як будуць надалей складацца стасункі дзвюх дзяржаваў.
Папярэдні раз Лукашэнка сустракаўся з прэзідэнтам Украіны (тады гэта быў яшчэ Пятро Парашэнка) падчас І Форуму рэгіёнаў у Гомлі ў мінулым кастрычніку. Яны традыцыйна абмяняліся зычлівымі заявамі, дэкларавалі намер умацоўваць дыпламатычныя, гандлёвыя і гуманітарныя сувязі паміж краінамі. Парашэнка выказаў падзяку Менску за стварэнне ўмоваў для працы трохбаковай кантактнай групы ў справах Данбасу і заявіў, што «на 100 % давярае Лукашэнку».
Разам з тым, праблемныя моманты ў беларуска-украінскіх дачыненнях былі і застаюцца цяпер. Найбольш відавочны – скандал з журналістам «Украінскага радыё» Паўлам Шаройкам, асуджаным на закрытым паседжанні ў Менску на 8 гадоў за «шпіянаж» у лютым 2018-га і беларусам Юрыем Палітыка, які больш за 2 гады ўтрымліваецца ў СІЗА ва Украіне па абвінавачванні ў шпіянажы.
За апошнія два гады Служба бяспекі Украіны фіксавала яшчэ некалькі выпадкаў, калі ўкраінцы добраахвотна прызнаваліся, што іх завербаваў КДБ для збору звестак вайсковага характару. Гэтыя асобы былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з законам.
Яшчэ адзін «востры вугал» у двухбаковых стасунках – гандаль беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў з тэрыторыямі Данбасу, акупаванымі баевікамі «ЛДНР». Доказы бізнес-сувязяў Беларусі з падкантрольнымі тэрарыстам кампаніямі неаднаразова агучваліся ў СМІ. Кіеў рэагаваў дыпламатычнымі нотамі, аднак да маштабнага ўвядзення санкцый справа не дайшла.
Акрамя таго, беларускія спецслужбы масава не пераследуюць грамадзян, якія ваявалі ў незаконных фармаваннях на Данбасе, а потым прыехалі на радзіму. Да крымінальнай адказнасці былі прыцягнутыя ўсяго 5 асобаў, з якіх адзін вярнуўся на Данбас. Рэальныя тэрміны па артыкуле 361-3 КК атрымалі толькі трое, прычым максімальны тэрмін не перавышаў 2 гады. Але экс-баевікоў у Беларусі жыве значна больш – яны, не хаваючыся, раздавалі інтэрв’ю СМІ.
Пры ўсім гэтым Украіна з’яўляецца адным з найбольш важных эканамічных партнёраў Беларусі. Гіганты беларускай прамысловасці (МАЗ, МТЗ, БЕЛАЗ і інш.) маюць там уласныя прадстаўніцтвы. А таваразварот паміж краінамі ў першым паўгоддзі 2019 склаў 2, 66 мільярды долараў.
Як палепшыць палітычны клімат і што можа зменіцца ў беларуска-украінскіх дачыненнях з прыходам Зяленскага – разважаюць украінскія эксперты.
Галоўная пытанне ў стасунках з Беларуссю, якое хвалюе сёння Кіеў у кантэксце вайны на Данбасе – гэта гарантаваная бяспека паўночнай мяжы, мяркуе прафесар паліталогіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань.
«У першую чаргу, Украіна зацікаўленая ва ўласнай бяспецы. У нас вельмі небяспечная расейска-украінская мяжа, і менавіта таму для нас важна, каб з боку беларускай мяжы не было дадатковай пагрозы. Гэта базавыя рэчы, падыход да якіх не зменіцца ў параўнанні з часамі Парашэнкі», – кажа прафесар.
Гарань мяркуе, што пэўныя адрозненні ў стылістыцы вядзення дыялогу магчымыя, але кардынальныя змены рыторыкі не чакаюцца.
«Мы ведаем, што ў Беларусі ёсць расейскія базы і галоўнае, каб яны не былі выкарыстаныя супраць Украіны. Адначасова мы добра разумеем, што Лукашэнка знаходзіцца пад вялізарным уплывам Расеі, хаця і спрабуе манеўраваць і захоўваць самастойнасць.
Але ж наколькі Лукашэнка можа гарантаваць, што расейцы не пачнуць нейкія правакацыйныя дзеянні – гэта пытанне адкрытае», – лічыць Гарань.
Акрамя таго, паводле словаў эксперта, праблемай з’яўляецца тое, што Беларусь не падтрымала рэзалюцыю ААН аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны 2014 году.
«Вельмі балюча, што Беларусь апынулася ў кампаніі Сірыі, Зімбабве, Венесуэлы і Расеі. Мы зацікаўленыя, каб Беларусь адкрыта вызнавала, што Крым належыць Украіне, але наўрад ці Лукашэнка дзеля гэтага пойдзе ў бліжэйшым часе на канфрантацыю з Расеяй», – дадае Аляксей Гарань.
Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны лічыць:
«Самая галоўная праблема – гэта тое, што Беларусь сатэліт Масквы. Украіна паставіла перад сабой задачу ўступіць у Еўразвяз і НАТА, і мы з Беларуссю рухаемся ў розных напрамках. Можна любую славесную формулу ўпрыгожваць, але трэба памятаць, што гэта ўсё адно дзве дзяржавы, якія рухаюцца ў розных кірунках.
Спробы гэта кампенсаваць, апелюючы да грамадстваў, да нейкага сумеснага славянскага паходжання, былі б хлуснёй. Спрабаваць упісваць гэта ў лукашэнкаўскія формулы пра «сяброўства народаў» – таксама хлусня».
На думку Бяссмертнага, украінскі бок усцяж не выключае магчымай агрэсіі Расеі з тэрыторыі Беларусі.
«Украіна выдатна разумее: кіраўніцтва Беларусі не кантралюе цалкам сітуацыю ў сваёй дзяржаве, яе тэрыторыя можа быць выкарыстана для пагрозы Украіне. Невыпадкова пастаянна праводзяцца сумесныя вучэнні з Расеяй», – дадае ён.
Што датычыць сустрэчы прэзідэнтаў на Форуме рэгіёнаў, экс-амбасадар прагназуе:
«Сустрэча ў Жытоміры стане для Лукашэнкі і Зяленскага знаёмствам. Хутчэй за ўсё, прагучыць традыцыйная славесная рыторыка, за якой будуць хавацца спробы захаваць эканамічнае партнёрства. А насамрэч усё застанецца на сваіх месцах».
КА belsat.eu