Міліцыя адмовілася распачынаць справу супраць баевіка ДНР за пагрозы журналістцы «Белсату»


У пастанове, якую атрымала Кацярына Андрэева, адзначаецца, што па выніках праведзенай праверкі было прынятае рашэнне адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы паводле арт. 186 КК Беларусі.

15 студзеня карэспандэнтка «Белсату» Кацярына Андрэева звярнулася ў міліцыю з заявай пасля таго, як пачула пагрозы ад героя яе артыкулу, былога баевіка ДНР з Лагойскага раёну, які прадставіўся Дзянісам Глазкіным. Мужчына патэлефанаваў Кацярыне на прыватны мабільны і сказаў: «Не я адзін такі, у каго ёсць жаданне скруціць табе галаву». Ён сцвярджаў, што інфармацыя ў артыкуле нібыта «перададзеная няправільна», але што канкрэтна яго абурыла – высветліць не ўдалося.

Справка

Праверку праводзіў старэйшы оперупаўнаважаны аддзелу аператыўна-крымінальнага вышуку Савецкага РАУС падпалкоўнік Бохан А.А. Ён устанавіў, што чалавека, на чые прозвішча зарэгістраваны нумар, з якога тэлефанавалі з пагрозамі, насамрэч завуць Дзяніс Давідовіч. Таксама адзначаецца, што ў матэрыялах праверкі, акрамя паказанняў журналісткі, ёсць фотаздымкі чалавека ў вайсковым абмундзіраванні і са зброяй у руках, які «падобны да Давідовіча». Аднак апытаць яго міліцыянтам «не прадставілася магчымым, так як ён знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь».

На думку праваахоўнікаў, у дзеяннях «неўстаноўленай асобы», з якой журналістка размаўляла па тэлефоне 12 студзеня, адсутнічаюць прыкметы складу злачынства паводле арт. 186 КК (Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці), паколькі «у дадзенай асобы не было магчымасці ажыццявіць пагрозу».

Кацярына Андрэева

«Міліцыя можа мець рацыю толькі часткова – для кваліфікацыі па арт. 186 патрэбная пагроза, якая гучала б кшталту «Я цябе заб’ю». Але ў гэтым выпадку справа не толькі ў фразе, тут важна, якім чынам сама пацярпелая ацэньвае рэальнасць пагрозы.

Калі ўлічваць, што чалавек мае досвед баявых дзеянняў і, імаверна, раней мог забіць пэўную колькасць асобаў, журналістка адчувае рэальную небяспеку. Канешне, міліцыянтам варта было б апытаць Давідовіча, высветліць абставіны. Што яго няма ў Беларусі цяпер – гэта іхная праблема, заўжды можна абвесціць чалавека ў вышук», – тлумачыць юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Паводле Агеева, калі абскардзіць пастанову ў пракуратуры, яе, хутчэй за ўсё адменяць і адновяць праверку. «Але тое, што новая праверка прывядзе да выніку – малаверагодна. Падаецца, яны проста не хочуць шукаць яго і займацца гэтай справай», – рэзюмуе эксперт у праве.

Кацярына Андрэева абскарджваць пастанову не збіраецца. Журналістка падкрэслівае, што ніколі не мела намеру ініцыяваць пераслед канкрэтнага чалавека, але сутыкнулася з нештатнай сітуацыяй, выконваючы свой прафесійны абавязак, таму звярнулася ў міліцыю.

«Мая мэта ў выпадку інтэрв’ю з Давідовічам – проста інфармаваць грамадства. Але калі я пачула пагрозы – натуральна, звярнулася па дапамогу. Дазваляць камусьці (няважна, баевіку ці не) тэлефанаваць і выказваць жаданне «скруціць галаву» – недапушчальна. Я заклапочаная тым, што міліцыя спусціла справу «на тармазах». Гэтая сітуацыя добра дэманструе стаўленне беларускай дзяржавы як да абароны сваіх грамадзянаў у цэлым, так і да бяспекі журналістаў», – кажа яна.

«У 2019 годзе стала відавочна: беларусаў, якія ваявалі на баку ЛДНР, праваахоўныя органы не пераследуюць, калі на тое няма кропкавага заказу «зверху», калі таго не патрабуе палітычная кан’юнктура, як здарылася з арыштамі трох баевікоў запар у 2017 годзе, на фоне актыўных перамоваў Лукашэнкі з Парашэнкам. Сёння ў лепшым выпадку сілавікі трымаюць баевікоў на кантролі, наносячы ім перыядычныя «візіты ветлівасці», у найгоршым – з імі супрацоўнічаюць», – дадае карэспандэнтка «Белсату».

Нашыя журналісты працягнуць расследаваць розныя аспекты ўдзелу грамадзянаў Беларусі ў вайне на Данбасе.

Hавiны
Баявік ДНР заявіў, што яго завербаваў ГУБАЗіК: хацелі адправіць на бок Украіны
2019.01.03 20:13

КБ, belsat.eu

Стужка навінаў