«Быў п'яны, стала кепска па дарозе ў міліцыю». Як Лукашэнка каментуе смерць Бандарэнкі


Лукашэнка спачатку выказаў спачуванні сямʼі загінулага Рамана Бандарэнкі, але потым заявіў, што той «быў пʼяны» і пабіўся з «дружыннікамі».

«У Менску – больш за 500 дружын»

«У нас зʼявілася практыка, гэта ўжо больш за месяц, у гэтых багаценькіх перш за ўсё кварталах. Яны вывешвалі бел-чырвона-белыя сцягі і стужачкі. Занавешвалі там усюды. Нават тросы нацягвалі ад хаты да хаты і вывешвалі гэтыя, як у нас прынята лічыць, калабарацыянісцкія прафашысцкія сцягі. Таму што пад гэтымі сцягамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны з гэтымі павязкамі хадзілі паліцаі і людзей расстрэльвалі. Партрэты Гітлера на ўсіх мерапрыемствах, кадры ёсць хронікі, пад гэтымі былі сцягамі. У нас, у краіне, дзе кожны трэці загінуў. Уяўляеце, якое да гэтага стаўленне», – цытуе БелТА.

«Плошча перамен» пераўтварылася ў народны мемарыял, прысвечаны Раману Бандарэнка. Мужчына памер напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году.
Фота: TК / Белсат

«Мы апошнім часам стварылі дружыны, іх, па-мойму, каля 500 у Менску толькі, і яны таксама хадзілі і зрэзалі гэтыя сцягі. У адным з двароў, як мне далажылі, яны прыйшлі зрэзаць сцягі. А тыя, хто там жыве і гэтыя стужачкі вывешваў (на платах, спартыўных пляцоўках), выскачылі з дамоў, – працягнуў Лукашэнка. – і бойкі былі.

Але ў дадзеным выпадку, як мне далажылі, завязалася бойка, прытым бойка сурʼёзная. І хтосьці (гэта ж у міліцыі ўсё ёсць) з пратэстуючых патэлефанаваў «карнікам» у міліцыю. Выехаў узмоцнены нарад міліцыі. Калі яны падʼехалі, як звычайна, усё разбегліся. А гэты ці то траўмаваны быў, ці то што… у нецвярозым стане. Гэта прызнана. Заключэнне сёння прадставіў Следчы камітэт. Яны выклалі гэта ўсё. Ён быў пʼяным. Вядома, яго ўзялі і павезлі ў гэты аддзел. Яму стала кепска па дарозе, як мне далажылі. Яны выклікалі хуткую дапамогу і адправілі яго ў шпіталь».

«Вось як было на самай справе. Я папрасіў расследавання справы, каб мы сапраўды не далі нагоды нікому зноў разгарнуць вось гэта: гвалт, гвалт, гвалт! А што, уладзе трэба было гэта? Ды не, нам гэта не трэба. Нам ужо гэта ўсё надакучыла…», – дадаў Лукашэнка.

Аб’ектыў
Чарговая ахвяра дзяржаўнага тэрору
2020.11.12 23:57

«Папрасіў МУС паразмаўляць з бацькамі загінулага»

«І я ж вам казаў, што сакральнай ахвярай хацелі зрабіць Ціханоўскую. Вось гэта было та-ак…. Таму атрымалася ад гэтага сысці. І яны ўвесь час імкнуліся дзе-небудзь што-небудзь знайсці. Вось яны зараз рванулі на гэтага хлопца. Я яшчэ раз кажу: шчырыя спачуванні родным і блізкім. Страцілі хлопца, цяжкі выпадак, вядома. Няхай адзінкавы, хоць гэта жыццё людзей, так не скажаш. Але я вам павінен у доказ прывесці адзін прыклад. Я адмыслова за содні ўзяў статыстыку загінулых: два чалавекі ў ДТЗ загінула, забойства – адзін чалавек і цяжкія цялесныя з наступнай смерцю – адзін чалавек. Скажыце, 2 + 1 + 1, акрамя гэтай смерці, – гэта што, ня людзі, якія загінулі? Загінулыя. Ну а чаму пра іх ніхто не кажа сёння? А не трэба, гэта нецікава. Пяць чалавек за содні загінулі. Выбралі аднаго чалавека і пачалі гайдаць».

Людзі збіраюцца на «Плошчы перамен» пасля паведамлення аб смерці Рамана Бандарэнкі. Менск, Беларусь.
Фота: ЯA / Белсат

«Учора мне далажылі, і я заўважыў (ж яшчэ ўчора ён быў жывы, гэты чалавек): пачалі паварочваць у бок, што яго збілі, я не называю прозвішча, але людзі, якія бліжэй да прэзідэнта. Яны ўжо прызначылі вінаватых. Гэты бунт нікому не патрэбны. І сакральная гібель людзей таксама нікому не патрэбна. Не толькі мне, але і ім таксама. Гэта ж чыесьці дзіця », – сказаў Лукашэнка.

«Нельга на гібелі людзей рабіць палітыку. Я папрасіў, каб менавіта МУС, паколькі спрабуюць стрэлкі перавесці зноў на гэтых «карнікаў», каб яны звязаліся з бацькамі загінулага і паспрабавалі неяк размаўляць з гэтымі бацькамі, як бы ні было цяжка».

Дакументы са шпіталю, апублікаваныя ў тэлеграм-каналах, якія вядуць медыкі, сведчаць пра тое, што ў Бандарэнкі было 0% этанолу ў крыві.

Фота @belxalat
Hавiны
Смерць Рамана Бандарэнкі выклікала хвалю абурэння і салідарнасці. Краіна развітваецца з героем
2020.11.13 08:36

Распаўсюджаныя ў сеціве відэа таксама сведчаць пра тое, што людзі ў цывільным перад затрыманнем паклалі Рамана на зямлю, а потым панеслі ў мікрааўтобус.

КА belsat.eu

Стужка навінаў