Былы супрацоўнік КДБ датэрмінова выйшаў на свабоду


На волю выйшаў Ігар Карыцкі – былы супрацоўнік берасцейскага КДБ і адзін з асуджаных па «справе 17». Два гады таму паводле прысуду яму было прызначанае 8 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Але ў студзені яго заўважылі на волі, у родным Берасці. Ёсць звесткі пра, што на волі знаходзіцца яшчэ адзін фігурант справы.

«Я ў шоку, як такія вялікія справы хутка вырашаюцца», – разважае берасцеец Аляксандр. 21 студзеня ён сустрэў у гарадскім ЦУМе свайго даўняга знаёмага – Ігара Карыцкага.

У чэрвені 2017 года Вярхоўны суд паставіў кропку ў гучнай крымінальнай справе аб абароце псіхатропных рэчываў, паведамляе TUT.BY. Сярод 17 фігурантаў апынуліся супрацоўнікі КДБ Карыцкі (Берасцейскае ўпраўленне) і Вераценскі (Цэнтральны апарат), а таксама супрацоўнік аднаго з упраўленняў ГУБАЗіК МУС па Менску Дзенісевіч. Першапачаткова ўсе трое атрымалі тэрміны ад 14 да 15 гадоў. Але пазней прысуд абскардзілі ў Вярхоўным судзе, з абвінавачання выключылі шэраг эпізодаў пра наркотыкі і тэрміны скарацілі да 8-9 гадоў.

Так, былы супрацоўнік упраўлення КДБ па Берасцейскай вобласці Ігар Карыцкі атрымаў 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем звання маёра.

«З-за галаслоўнага абвінавачання я да гэтага часу пазбаўлены свабоды, прэстыжнай службы ў органах дзяржбяспекі, і самае галоўнае – зганьбаваны гонар маёй сям’і», – патрабаваў ён поўнага апраўдання ў апошнім слове.

Вядома, што мужчына быў пад вартай з лістапада 2014 га, а гэта ўлічваецца ў агульны тэрмін. У любым выпадку, ён адседзеў каля чатырох гадоў.

«Выпадкова ў ЦУМе сустрэліся. Здзівіўся я: быў такі вялікі тэрмін! З іншага боку, малайчына, няма чаго ў турме так доўга рабіць», – разважае ў размове з TUT.BY берасцеец Аляксандр.

Ён дакладна не абазнаўся: ведае Карыцкага больш за дзясятак гадоў. Яны нават пагутарылі.

«Пытаюся: « Што здарылася, дзе так доўга быў? »Кажа:« У камандзіроўцы быў доўга». Пытаюся: «У Беларусі?» – «Так, у Беларусі». Ня дапытваўся больш. Ён вельмі пастарэў, яму нібыта 50 гадоў, хоць на самай справе 38», – згадвае берасцеец.

Наколькі ён зразумеў, знаёмы вярнуўся дадому як раз у студзені.

Крыніца, знаёмая з справай, заявіла, што калі і будуць каментары на гэты конт, то толькі ад родных. Але ў сямʼі Карыцкага некаторыя з яго блізкіх размаўляць пра вызваленне з TUT.BY катэгарычна адмовіліся, маўляў, СМІ і так «раздулі глупства».

– Паведамляюць, што вашага сына бачылі ў Берасці, – атрымалася датэлефанавацца да бацькоў Ігара Карыцкага.

– Такога я не ведаю.

– Вы не ведаеце, ці выйшаў ваш сын на свабоду?

– Такога я не ведаю.

– Дык ён знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі?

– Дзе ён знаходзіцца – гэта наша справа.

Адзначым, што былыя сілавікі абвінавачваліся паводле артыкулаў 424 і 455 Крымінальнага кодэкса: «Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі», а таксама «Перавышэнне ўлады або бяздзейнасць».

Законам прадугледжана некалькі падставаў для вызвалення ад адбыцця пакарання: адмена прысуду, УДВ (але па гэтых артыкулах трэба адбыць дзве траціны тэрміну), амністыя або памілаванне, цяжкая хвароба або замена неадбытай часткі пакарання на больш мяккае пакаранне.

TUT.BY з кампетэнтнай крыніцы стала вядома: менавіта замена неадбытай часткі пакарання больш мяккім і была прыменена ў дачыненні да Карыцкага.

«Неадбытая частка пакарання была заменена на абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу», – удакладніла крыніца.

Акрамя таго, па словах суразмоўцы, такое ж рашэнне прымалася і па яшчэ аднаму «камітэтчыку» з гэтай справы – Дзмітрыю Вераценскаму. Раней суд прызначыў яму 9 гадоў калоніі.

Паводле закону, асуджаны можа прэтэндаваць на замену пакарання ўжо пасля адбыцьця ўсталяванай законам часткі тэрміну, прычым калі «цвёрда ўстаў на шлях выпраўлення». Тады выпраўленчая ўстанова рыхтуе адпаведнае прадстаўленне ў суд.

У прадстаўленні, як вынікае з тлумачэнняў Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, улічваюцца «дадзеныя, якія характарызуюць асобу асуджанага, яго паводзіны, стаўленне да працы і навучання падчас адбыцця пакарання, стаўленне да здзейсненага дзеяння, інфармацыя аб ліквідацыі наступстваў учыненага дзеяння, аб прызнанні віны ва ўчыненым злачынстве, выказаныя iм гарантыі правапаслухмянага ладу жыцця пасля вызвалення, а таксама іншыя вартыя ўвагі акалічнасці, якія пацвярджаюць дасягненне асуджаным пэўнай ступені выпраўлення».

Каб удакладніць дэталі, TUT.BY таксама накіраваў афіцыйныя запыты ў Дэпартамент выканання пакаранняў і суд.

Нагадаем, фігуранты «справы 17» былі асуджаныя на розныя тэрміны – ад 2 да 19 гадоў пазбаўлення волі. Самы вялікі атрымаў Канстанцін Вілюга. Паводле TUT.BY, ён і цяпер адбывае пакаранне ў калоніі для асуджаных за наркотыкі № 22 «Воўчыя норы».

Аб’ектыў
Суд змякчыў выракі наркамафіі з КДБ
2017.06.06 21:59

СК, belsat.eu

Стужка навінаў