Суд змякчыў выракі наркамафіі з КДБ


Паводле рашэння Вярхоўнага суда, былы працаўнік КДБ Дзмітрый Вераценскі мусіць адсядзець 9 гадоў замест 15-ці, ягоны КДБ-шны калега Ігар Карыцкі ды былы міліцыянт Канстанцін Дзянісевіч – 8 гадоў замест 14-ці. Для журналістаў, што сачылі за працэсам, такі вынік стаў нечаканасцю.

«Па сутнасці, Вярхоўны суд прызнаў, што следства нацягвала абвінавачванне для гэтых асобаў, што датычыцца ўдзелу ў злачыннай арганізацыі, збыту псіхатропных наркотыкаў і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці», – распавядае журналіст Віктар Федаровіч.

Як працавала схема

На адзін год менш – 19 замест 20-ці – мусіць адсядзець Канстанцін Вілюга, якога лічаць кіраўніком мафіёзнай структуры. Паводле матэрыялаў справы, удзельнікі злачыннай групоўкі доўгі час распаўсюджвалі псіхатропныя рэчывы, так званыя спайсы, на чым зарабілі прыкладна $ 1,7 млн.

«Крыша» Вілюгі ў сілавых органах – афіцэры КДБ і Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю – дапамагалі з экспертызай спайсаў у Дзяржаўным крыміналістычным цэнтры, каб аператыўна высветліць, ці сінтэтычны наркотык ужо ўваходзіць у ліст забароненых хімічных рэчываў. Таксама Вілюга перадаваў сілавікам інфармацыю аб канкурэнтах, а пасля затрыманняў займаў іх нішу на рынку.

Справа стала рэзананснай, але пакінула шмат таямніцаў

Канстанцін Вілюга, як высветлілася ў судзе, доўгі час быў інфарматарам КДБ, ездзіў на мэрсэдэсе з «блатнымі» нумарамі, але афіцыйна гандляваў толькі легальнымі сумесямі для палення. Пры гэтым, паводле матэрыялаў справы, Вілюга ведаў метады крымінальнага вышуку і пазбягаў размоваў праз тэлефон.

«Такое ўражанне склалася, што ён або «сэксот», або інфарматар, або нейкі агент. І сам ён напісаў у скарзе: мяне з Вераценскім і Дзенісевічам звязвалі прафесійныя адносіны. Якія?», – звяртае ўвагу спадар Федаровіч.

І Канстанцін Вілюга і ягоныя апекуны ў КДБ і Міністэрстве ўнутраных справаў выйдуць на волю крыху раней. Хаця кіраўнік краіны абяцаў, што ў наркадылераў будзе зямля гарэць пад нагамі, у тым ліку за кратамі.

Спайсы – агульная назва сінтэтычных псіхатропных наркотыкаў з рознымі хімічнымі формуламі. Ужыванне спайсаў можа выклікаць як часовае памутненне розуму, гэтак і хранічныя, пажыццёвыя пашкоджанні мозгу. Пад уздзеяннем гэтых наркотыкаў у Беларусі ўжо адбываліся і самагубствы, і нанясенні цяжкіх калецтваў. Кіраўніцтва краіны прызнае, што большая частка спайсаў трапляе ў Беларусь з Расеі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Віктар Галіцкі / kp.by