Дваіх настаўнікаў польскай мовы, Томаша і Малгажату Банашкевічаў, 27 верасня вымусілі пакінуць Беларусь. Пра гэта ў каментары belsat.eu паведаміў прадстаўнік Саюзу палякаў у Беларусі Андрэй Пачобут.
Настаўнікі выкладалі ў польскай грамадскай школе імя караля Стэфана Баторыя ў Горадні. Але з аддзелу ўнутраных справаў Адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні ім загадалі пакінуць Беларусь.
Некалькі гадоў настаўнікаў накіроўвала у Беларусь арганізацыя для развіцця польскай адукацыі за мяжой пры Міністэрстве нацыянальнай адукацыі Польшчы, адзначыў Андрэй Пачобут.
«Грамадскія школы маглі запрашаць настаўнікаў з Польшчы. Бо ўзровень ведання мовы больш высокі, узровень ведаў спецыфічных тэрмінаў большы. З улікам таго, што ў дзяржаўных школах навучанне польскай мовы ўлады імкнуцца звесці да нулю, гэтую функцыю перанялі грамадскія школы. І вось цяпер, праз некалькі год, улады ў Горадні вырашылі, што так не можа быць, і выслалі двух настаўнікаў», – сказаў суразмоўца.
Паводле ягоных звестак, настаўнікі ўжо пераехалі беларуска-польскую мяжу.
«У іх было некалькі гадзінаў, каб з’ехаць з Беларусі», – падкрэсліў Пачобут.
Таксама, дадаў ён, паводле неафіцыйнай інфармацыі, некалькіх настаўнікаў могуць змусіць пакінуць Беларусь на наступным тыдні.
МГ belsat.eu