Аб'ектыў 04.07.2019 Навошта ў Горадні дошка Стэфану Баторыю, калі ёсць помнік Леніну?


Гарадзенскія ўлады адмовілі ў рэстаўрацыі памятнай табліцы Стэфану Баторыю, гістарычнаму дзеячу, які нямала зрабіў для нашай Бацькаўшчыны, але не пасуе да савецка-расейскіх традыцыяў чыноўнікаў.

Пра тое, ці бы Уладзімір Ленін калі-небудзь у Горадні, дакументальных сведчанняў няма, але помнік яму ў цэнтры гораду стаіць.

Кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый праводзіў у Горадні шмат часу і спрычыніўся да яе росквіту, але помніку яму ў горадзе няма. Табліца ж дзеля ягонага гонару, усталяваная на будынку цяперашняга педагагічнага каледжу, нераспазнавальная.

«Табліца была ўсталяваная ў 1933 годзе з нагоды 400-годдзя з дня нараджэння Стэфана Баторыя, і ў 1939 годзе з прыходам савецкай улады яна была пашкоджаная – пазбіваныя надпісы, збіты барэльеф, і ў такім выглядзе яна датрывала да нашага часу», – распавядае гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон.

На зварот краязнаўцы з прапановаю аднавіць дошку гарадскія ўлады адказалі адмоваю.

«У адказе, які даслалі з гарвыканкаму, значылася, што гарадскія ўлады не бачаць патрэбы ў рэстаўрацыі табліцы, паколькі ў горадзе і так ёсць мясціны, дзе ўшанаваная памяць караля, у прыватнасці, маем вуліцу і ў фарным касцёле маем барэльеф у яго гонар», – пераказвае адказ уладаў Мечыслаў Супрон.

Няма адзінага меркавання наконт аднаўлення табліцы і сярод гісторыкаў.

«Аднаўляць даслоўна гэты тэкст – гэта, вядома, можа быць рашэнне, але ў тым выглядзе, у якім сёння гэтая табліца захавалася, – гэта таксама помнік, помнік ушанавання і забыцця», – лічыць кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч.

Пакуль забыцця ў горадзе значна больш, чым ушанавання. Шмат вядомых дзеячаў жылі ў Горадні ў розныя часы ды працавалі на росквіт гораду, але ўзгаданыя ў тапаніміцы і помніках пераважна не яны.

«Амаль усе вуліцы цэнтру маюць савецкія назвы, звязаныя фактычна з катамі, якія забівалі беларусаў», – падкрэслівае Мечыслаў Супрон.

Не дзіва, што жыхары гораду не заўжды арыентуюцца, хто ўжо ўшанаваны, а каго варта было б яшчэ ўзгадаць:

«Мне, вядома, сорамна прызнацца, але вы лепш скажыце, каму ў нас помнікі ёсць».

«Найперш Васілю Быкаву, а пасля можна разглядаць і іншыя варыянты».

«У нас нібыта няма Баторыю помніку».

«Кастусь Каліноўскі».

«Мне падаецца, у нас усе помнікі ўжо стаяць».

Гісторык Андрэй Чарнякевіч лічыць, што ані аднаўленнем старых, ані стварэннем новых помнікаў праблемы бяспамяцтва не развязаць:

«Можна паставіць кожны помнік, але мы не здолеем, не прымусім чалавека ўшаноўваць памяць».

Рэцэпт ад беспамяцтва, на думку гісторыка, – як стварэнне новых падручнікаў ды адукацыйных фільмаў, гэтак і стварэнне непаўторнай атмасферы гораду.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары