Будучыня Дарыгі і казахская формула для Лукашэнкі


Казахстан і Кыргызстан як постсавецкія краіны маюць розную гісторыю палітычнай трансфармацыі. У Казахстане ўжо даўно забыліся, што такое дэмакратычныя выбары і змяняльнасць улады. У Кыргызстане пасля чарговых вулічных пратэстаў абралі новую форму дзяржаўнага праўлення. Ці пойдзе Беларусь па казахскім сцэнары, і ці пагражае Кыргызстану аўтарытарызм па беларускай мадэлі?

Парламенцкія выбары ў Казахстане прадэманстравалі, што ўлада ў стане гарантаваць патрэбны сабе вынік.

«Гэта ні на што не паўплывае. Таму што ва ўладзе сядзяць тыя людзі, якія даўно прывыклі да кармушкі. Хапаюць-хапаюць. Да нічога добрага не прывядзе, але як у Беларусі, Украіне «майданаў» не будзе, таму што ўлады жорстка перарываюць любую праяву іншадумства».

У парламенце зноў большасць у партыі Назарбаева «Нур Атан», парог аж у 7% у стане прайсці толькі праўладныя партыі. Апазіцыйныя партыі зразаюцца на стадыі рэгістрацыі.

Каментуе Дзімаш Альжанаў, палітолаг, Алматы, Казахстан:

«Партыі не з’яўляюцца незалежнымі гульцамі, акрамя партыі былога прэзідэнта ёсць 2 партыі: гэта «Ак Жол» (дэмакратычная партыя Казахстана) і «Народная партыя» – пасля рэбрэндынгу былая камуністычная партыя. »Народная партыя« цалкам кантралюецца Камітэтам дзяржбяспекі, а «Ак Жол» – гэта таксама элемент рэжыму, гэта не самастойны палітычны гулец«.

«Нур Атан» набрала 72%, «Ак Жол» звыш 10%, а Народная партыя – 9,5%. Перад галасаваннем прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў абяцаў, што ў дачыненні да тых, хто мае намер выйсці з пратэстамі, не будуць прымацца рэпрэсіўныя меры. Затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Але пратэсты не былі масавымі, як і не была масавай яўка выбарнікаў. Гэта сведчанне таго, што цікавасць да парламенцкіх выбараў значна меншая, чым да прэзідэнцкіх.

Дзімаш Альжанаў:

«У нашым выпадку некалькі фактараў згуляла: па-першае, зіма, па-другое, паслянавагодні стан людзей, працяглыя вакацыі. У адрозненне ад Лукашэнкі Назарбаеў ніколі не стварае сабе рэальную альтэрнатыву. Праблема была ў тым, што адно няправільна прынятае рашэнне стварыла грамадству магчымасць мабілізаваць усіх, у Казахстане такіх магчымасцяў не ствараюць».

А як жа хвалёная казахская мадэль трансфармацыі ўлады? Касым-Жамарт Такаеў, які ў сакавіку 2019 года змяніў на пасадзе прэзідэнта Нурсултана Назарбаева, фактычна дазволіўшы таму застацца ля руля. Чым не формула для Лукашэнкі?

Газіз Абішаў, палітычны аглядальнік, Астана, Казахстан:

«Колькасць паўнамоцтваў у Назарбаева перад тым, як ён пакінуў сваю пасаду, была шырокая, гіганцкая колькасць паўнамоцтваў, вялікая ступень лаяльнасці дзяржапарату, эканамічных элітаў і легітымнасць у вачах насельніцтва. Яго ніхто не вымушаў сыходзіць. Таму ён абраў пераемніка, якога хацеў, а гэта значыць, што ён абраў не выпадковага чалавека. Таму аддзяляць Такаева я б не стаў, зразумела, што Такаеў верны вучань, паслядоўнік, аднадумец і калі мы кажам: «ён хацеў бы ўмацавацца», мы як быццам паміж сабой супрацьпастаўляем».

Але гэтыя парламенцкія выбары ў Казахстане ўвялі ў палітычнае жыццё дачку Нурсултана Назарбаева, ужо цяпер абсалютна зразумела, што яна праходзіць у Меджліс па партыйных спісах. Пытанне толькі ў тым, які пост у парламенце зойме, ці абмяжуецца толькі дэпутацкім мандатам?

Газіз Абішаў:

«Любая пасада ў Меджлісе зараз, адносна канстытуцыйнай іерархіі, ніжэй спікера Сената. Таму што спікер ідзе адразу пасля прэзідэнта. Яе палітычную будучыню цяжка прадказаць (…). З пазіцыі дэпутата Меджыліса ёсць прастора куды ідзі ўверх, ёсць прастора куды ісці ўніз».

У суседнім Кыргызстане на выбарах прэзідэнта да выбарчых урнаў у прыйшло 39,75% выбарнікаў. Але пры гэтым пераможца набраў 80% галасоў выбарнікаў, а гэта да болю знаёмая беларусам лічба электаральнай перамогі. Адкуль такая папулярнасць у палітыка, які яшчэ пару месяцаў таму быў у турме, а ў палітыку прыйшоў у часы Курманбека Бакіева, які ўцёк з краіны, пасля крывавага падаўлення пратэстаў.

Фільмы
Казахстан. Сысці нельга застацца
2019.07.06 10:00

Медэт Тюлегенаў, Амерыканскі Універсітэт Цэнтральнай Азіі, Бішкек, Кыргызстан:

«У грамадстве існаваў і існуе запыт на пэўнага лідара, які як прыйдзе і павінен нешта зрабіць і выратаваць. Пажадана такі, харызматычны, з абяцаннем цвёрдай гаспадарскай рукі. І гэта чаканне супала з іншымі абставінамі, і гэты сацыяльны фактар грамадскіх чаканняў быў адным з самых галоўных. Калі падзеі адбываліся, апратэставанні парламенцкіх выбараў, і калі паўстаў пэўны вакуум улады, на той момант была разгромленая палітычная апазіцыя, у Жапарава ўзнікла магчымасць нейкім чынам хутка зарабляць палітычныя ачкі».

Але інтрыга электаральнай кампаніі была ў тым, што ўчорашні вязень Садыр Жапараў атрымаў ашаламляльную перамогу сярод 17 прэтэндэнтаў. Жапараў, карыстаючыся папулярнасцю сярод выбарнікаў, дамогся і прасоўвання рэферэндуму. Кыргызскі выбарнік, «стаміўшыся» ад парламенцкай рэспублікі, прагаласаваў за прэзідэнцкую форму праўлення. Ці не баяцца кіргізскія грамадзяне скаціцца да аўтарытарнага праўлення?

Медэт Тюлегенов:

«Мне здаецца, многія грамадзяне не робяць такіх паралеляў, што прэзідэнцкая форма праўлення – гэта тое, што было пры Акаеве і Бакіеве, самых аўтарытарных нашых перыядаў постсавецкай гісторыі. Гэта па-першае, а па-другое, рэферэндум быў звязаны, паколькі праходзіў у адзін дзень з прэзідэнцкімі выбарамі, і па сутнасці тыя, хто галасаваў за Жапарава, яны галасавалі за прэзідэнцкую форму праўлення, і атрымліваецца, што вобраз Жапарава для іх зацямніў меркаванні рызыкаў».

Кыргызстан перажыў ужо 2 катаклізмы ў 2005 і ў 2010 гадах, калі ўся ўлада была сканцэнтраваная ў руках аднаго чалавека. Прапанаваны дакумент Жапарава ў сацсетках ужо празвалі «ханстытуцыяй».

Ганна Капушэнка, галоўны рэдактар Kloop media, Бішкек, Кыргызстан:

«Версія канстытуцыі досыць аўтарытарная. Няма ніякіх механізмаў стрымак і процівагаў, якія цяпер ёсць у Канстытуцыі. Умоўна цяпер Парламент можа дамагчыся імпічменту прэзідэнта, працэдура досыць складаная, але магчымая. У яго варыянце ён не падсправаздачны нікому, ён узначальвае ўрад, узначальвае сілавы блок, і гэта сапраўды вельмі небяспечна».

Некаторыя палітолагі мяркуюць, што ўлічваючы, што парламент і так пераседзеў свой тэрмін, і ўжо пад ціскам Жапарава напрымаў супярэчлівыя законы, то новаабраны прэзідэнт канстытуцыйныя змены можа правесці праз парламент.

Галоўнае адрозненне кыргызскай сітуацыі ад беларускай у тым, што выбары там практычна прайшлі без парушэнняў і будуць прызнаныя сусветнай супольнасцю, а важнае адрозненне казахскага аўтарытарызму ў тым, што палітычныя эліты ў пэўнай ступені інтэграваныя з Захадам, прынамсі атачэнне Назарбаева пад санкцыямі не ходзіць.

Настасся Ільіна для праграмы «ПраСвет» ад 14.01.2021

Калаж з фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

 

Стужка навінаў