У сюжэце «Беларусь 1» увечары з’явілася новае відэа інцыдэнту ў Горадні, дзе нібыта пацярпелі міліцыянты. Belsat.eu заўважыў у роліку цікавыя дэталі.
Відэа знята аднекуль зверху і раней у сеціве з гэтага ракурсу кадраў не з’яўлялася (глядзець з 2:36).
На відэа можна заўважыць, што людзі спрабуюць адцясніць міліцыянтаў ад Ціханоўскага, які стаць паміж імі. Блогер увесь час знаходзіцца ад міліцыянта мінімум на адлегласці выцягнутай рукі. Ніякіх рэзкіх рухаў Ціханоўскага ў бок праваахоўніка пры гэтым не бачна.
Адначасова можна пабачыць, што падчас штурханіны ззаду да міліцыянта прабіваецца невядомы хлопец у зялёнай куртцы. Ён працягвае руку да працаўніка МУС і, імаверна, спрабуе пацягнуць яго за вопратку. Пасля гэтага праваахоўнік пачынае падаць.
Цікава, што ў сюжэце не сцвярджаецца, што гвалт супраць міліцыянта ўжыў асабіста Ціханоўскі. Аўтары сюжэту адзначаюць, што «таго, хто ўжыў гвалт супраць супрацоўніка міліцыі знайшлі вельмі хутка» і спасылаюцца на інтэрв’ю «Радыё Свабода» з гарадзенцам Яўгенам Разнічэнкам. Разнічэнка – гэта мужчына ў скураной куртцы, які стаяў ззаду міліцыянту. Яго можна добра пабачыць на аматарскіх відэа інцыдэнту, якія першымі трапілі ў сеціва.
Разнічэнка распавёў РС, што міліцыянт сам упаў на яго, а бойкі не было. 30 траўня яго затрымалі. Ці ёсць сярод затрыманых чалавек у зялёнай куртцы з відэа – невядома.
ІІ belsat.eu