Борыс трыумфуе. Беларус з Лондану пра брэкзіт: «У многіх нервы не вытрымліваюць»


Борыс Джонсан, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі, лідар Кансерватыўнай партыі выступае на партыйным сходзе 13 снежня 2019 г. Фота HANNAH MCKAY / Reuters / Forum

Галоўная інтрыга ў Вялікай Брытаніі на датэрміновых выбарах у парламент была нават не ў тым, хто пераможа (яшчэ да выбараў усе апытанні аддавалі першае месца кансерватарам). Але ці здолее цяперашняя кіроўная партыя атрымаць большасць у парламенце і вырашыць галоўнае пытанне брытанскай палітыкі апошніх гадоў: выходзіць ці не выходзіць з Еўразвязу?

Асноўныя фаварыты палітычнай гонкі ў Вялікай Брытаніі падышлі да выбараў з дыяметральна супрацьлеглымі ідэямі.

Завершым брэкзіт. Лозунг лідара кансерватараў, дзейнага прэмʼера Борыса Джонсана. Менавіта ягонай партыі экзітполы абяцаюць першае месца паводле колькасці мандатаў у парламенце. Але каб выканаць перадвыбарчае абяцанне, Джонсану неабходная парламенцкая большасць, гэта 340–350 месцаў у Палаце грамадаў.

Борыс Джонсан, прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі, лідар Кансерватыўнай партыі:

«У нас ёсць нацыянальны абавязак – а 10-й увечары мы павінны знайсці вашыя галасы, якія выратуюць краіну ад катастрофы».

Лідарка ліберальных дэмакратаў, палітык з Шатландыі Джоў Сўінсан, агітавала за тое, каб Брытанія засталася ў Еўразвязе.

Джоў Сўінсан, лідарка Ліберальна-дэмакратычнай партыі:

«Гэта мае першыя ўсеагульныя выбары. Я стала на чале партыі ўсяго чатыры месяцы таму. Але, ведаеце, у нас усё яшчэ ёсць магчымасць спыніць брэкзіт. Мы можам перашкодзіць Борысу Джонсану атрымаць большасць».

І адзін з галоўных апанентаў прэмʼера – лідар лейбарыстаў Джэрэмі Корбін. Ягоны выбарчы лозунг: Вялікая Брытанія для большасці, а не для эліты. У 2016 г. ён галасаваў супраць выхаду краіны з Еўразвязу. Цяпер у пытанні брэкзіту Корбін прасоўваў ідэю паўторнага рэферэндуму.

Джэрэмі Корбін. Фота Henry Nicholls /Reuter / Forum

Джэрэмі Корбін, лідар Лейбарысцкай партыі:

«І яны, кансерватары, кажуць, што наш маніфест занадта радыкальны. Ну, наш маніфест – гэта прадукт мноства думак і працы мноства людзей. Гэта сурʼёзная праграма, і яна цалкам сябе фінансуе. Джонсан вельмі свабодна апелюе фактамі, ён зʼяўляецца ў парламенце і кажа: мы пабудуем 40 бальніц. А пазней гаворка ўжо ішла пра 6 бальніц. Гэта глупства. Вы не можаце кіраваць такім чынам. Вы не можаце давяраць таму, хто робіць такія заявы».

Ранішнія газеты ў пятніцу выйшлі з загалоўкамі пра перамогу прэмʼера на выбарах. Фота Matthias Oesterle / Zuma Press / Forum

З 650 месцаў у ніжняй палаце брытанскага парламенту кансерватары сапраўды могуць атрымаць большасць. Першыя вынікі экзітполаў, агучаныя ўчора а 22:00 паводле лонданскага часу, паказалі, што партыя Борыса Джонсана можа разлічваць на 368 мандатаў.

Каментуе Алесь Герасіменка, беларус з Вялікай Брытаніі, выкладчык Ўэстмінстэрскага ўніверсітэту:

«Экзітполы не памыляліся ў Вялікай Брытаніі з 1992 года, то бок больш за 20 гадоў. Таму многія вераць, што сапраўды яны паказваюць, што кансерватары перамагаюць і набіраюць большасць у парламенце».

Калі ўсё будзе так, як хоча Борыс Джонсан, брэкзіт адбудзецца ўжо 31 студзеня 2020 г., але гэта не паставіць апошняй кропкі ў разыходжанні з аб’яднанай Еўропаю. Перамовы пра падпісанне канчатковага пагаднення паміж Вялікай Брытаніяй і ЕЗ могуць расцягнуцца на гады. Праўда, дзейны прэм’ер больш аптымістычны, ён абяцае што гэта адбудзецца роўна праз год, у снежні 2020-га.

«У многіх ужо нервы не вытрымліваюць, так ужо цяжка з гэтым брэкзітам, што выбарцы паверылі ў мэсідж прэм’ер-міністра і пагадзіліся надаць яму большасць. Пра гэта пастаянна казаў Борыс Джонсан, іншых мэсіджаў ад яго не было. У лейбарыстаў акурат былі мэсіджы пра што заўгодна, толькі не пра брэкзіт, і гэта, верагодна, адштурхнула людзей ад іх, бо яны хутчэй згубілі месцы ў парламенце», – працягвае Алесь Герасіменка.

Апроч фаварытаў гонкі ў выбарах бралі ўдзел прыхільнікі незалежнасці Шатландыі, Зялёныя, Партыя брэкзіту ды незалежныя кандыдаты. Супольна немэйнстрымавыя палітычныя сілы могуць разлічваць на 30–40 месцаў у парламенце.

Каментуюць жыхары Вялікай Брытаніі:

«Я заўсёды галасавала за лейбарыстаў, якія былі за працоўных. Але ведаеце, я думаю, мы павінныя даць кансерватарамі яшчэ адзін шанец».

«Я галасую за Борыса Джонсана, каб брэкзіт адбыўся на 100 %. Іншых прычынаў няма. Я ніколі раней не галасаваў, але пасля рэферэндуму адбываецца нейкае шаленства. Нас 5 чалавек дома, і сёння мы ўсе галасуем».

«Шмат хто зразумеў, хто такія кансерватары, якія кіруюць ужо 10 гадоў і ўсё скарачаюць-скарачаюць-скарачаюць, а таксама ратуюць і ратуюць. Шмат каму за 10 гадоў гэта ўжо надакучыла».

«Я не давяраю спадару Корбіну. Хацеў бы я ведаць, дзе месціцца ягонае казачнае дрэва з грашыма, якія ён абяцае выдаткаваць».

Завершым брэкзіт – галоўны перадвыбарчы мэсідж кансерватараў. Фота POOL / Reuters / Forum

Ужо пасля брэкзіту Лондан, відаць, узмоцніць міграцыйнае заканадаўства. Ад працы мігрантаў, натуральна, тут не адмовяцца, але ў перспектыве нават грамадзянам ЕЗ атрымаць доўгатэрміновы від на жыхарства ці грамадзянства Вялікай Брытаніі будзе больш складана.

«Большасць эканамічных прагнозаў сыходзіцца на тым, што эканоміка Брытаніі пацярпіць ад выхаду з ЕЗ. Яна б магла расці болей, а будзе расці не так хутка, хутчэй за ўсё», – мяркуе Алесь Герасіменка.

Паводле суразмоўцы «Прасвету», гэта былі даволі брудныя выбары, але разам з гэтым палітыкі здолелі мабілізаваць грамадства. Усе галоўныя палітычныя сілы называлі гэтыя выбары «самымі галоўнымі» за час цэлага пакалення. Калі вынікі экзітполаў пацвердзяцца, то кансерватараў можна будзе не проста віншаваць з перамогаю, а яшчэ і з найлепшым вынікам за апошнія 40 гадоў.

Прыхільнікі Brexit перамагаюць на выбарах у парламент Вялікай Брытаніі

Аркадзь Несцярэнка, для праграмы «Прасвет»

Фота на прэв’ю Yui Mok/PA Images/Forum

Глядзі таксама
Каментары