Рост коштаў запавольваецца, паведамляе афіцыйная статыстыка. У чэрвені, жыццё ў краіне здаражэла, у сярэднім, менш, чым на 0,5 %.
Адмыслоўцы тлумачаць – адна з галоўных прычынаў – падзенне пакупніцкай здольнасці насельніцтва.
«Кошты растуць павольней, але радавацца гэтаму ня трэба, бо гэта таму, што ў эканоміцы спад», – мяркуе Віктар Маргелаў, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.
Стрыманню коштаў спрыяе яшчэ і сезонны чыннік – перыяд ураджаю ды пікавай прадуктыўнасці жывёлы. Апрача таго – адміністратыўны кантроль.
«У сувязі з дэнамінацыяй росту коштаў ня будзе. Гэта я вам гарантую. Мы за гэта паадрываем галовы», – запэўніваў Аляксандр Лукашэнка.
Але, нягледзячы на ўсе гэтыя захады, гадавы тэмп інфляцыі застаецца на ўзроўні 12,4%. А паводле індэксу баршчу, якім наш тэлеканал ацэньвае рэалістычнасць афіцыйнай статыстыкі, лічба атрымліваецца ў паўтары разы большай. Узважаны кошык з 14 прадуктаў, неабходных для прыгатавання ўкраінскага варыва здаражэў за год на 18,5 %. Чыя ацэнка больш падобная на праўду мы спыталіся жыхароў Менску.
«Я працую і атрымліваю пенсію, таму пакуль я не эканомлю. Але ў параўнанні з мінулым годам стала нашмат цяжэй жыць», – звяртае ўвагу жанчына.
«Эканомім на ўсім, бо кошты растуць, а заробак на месцы», – дзеліцца яшчэ адная спадарыня. «Эканомлю на ежы, на паўсядзённых рэчах», – дадае мінак.
З 14 страў, неабходных для прыгатавання ўкраінскага варыва, з мінулага чэрвеня істотна патаннелі толькі морква і капуста. Кошт мяса, бульбы ды цыбулі застаўся практычна нязменны. А вось смятана, хлеб, соль, алей, памідоры ды іншая гародніна здаражэлі на 15-85 %. Агулам згаданы кошык прадуктаў, узважаны ў прапорцыях рэцэпту вялікага рондаля баршчу, здаражэў ад Br 178 тыс у мінулым чэрвені да Br 210 тыс сёлета. Між тым, у свеце ежа наадварот таннее.
«За мяжой беларускія тавары таннеюць, а ў нас даражэюць. Хлопцы, што ж вы робіце?», – абураецца прафесар эканомікі Леанід Заіка.
Адмыслоўцы тлумачаць, айчынная ежа на беларускіх прылаўках часта – даражэйшая за імпартную праз неэфектыўную працу калгасаў. А перыядычныя рэзкія скачкі ў коштах – вынік адміністратыўнага кантролю за імі, калі спярша дастаўцаў прымушаюць прадаваць па заніжаных коштах, а потым, калі асартымент звужаецца, іх прыходзіцца рэзка падымаць, каб пазбегнуць дэфіцыту.
Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»