Беларусь набліжаецца да пасткі беднасці


У пастку беднасці краіна трапляе тады, калі ў яе не застаецца ўжо ані ўласнага капіталу для развіцця, ані магчымасцяў пазычыць, ані ўмоваў, якія могуць прывабіць інвестараў з-за мяжы. Гэта прыводзіць да няспыннай, штогадовай дэградацыі эканомікі і збяднення насельніцтва. Калі занядбаць сітуацыю да такога стану, нават рынкавыя рэформы будуць даваць толькі вельмі абмежаваныя паляпшэнні.

Паводле афіцыйнага прагнозу, беларуская эканоміка сёлета мае вярнуцца да нязначнага, але росту. Дослед Інстытуту прыватызацыі і менеджменту дае адваротныя высновы.

«У размовах паміж забой нават дзяржаўныя чыноўнікі сыходзяць з таго, што ў бягучым годзе будзе рэцэсія прынамсі 1,5 %, але, хутчэй, яны сыходзяцца на тых лічбах, што маем мы – каля 2-2,5 %», – распавядае Зміцер Крук, эканаміст «BEROC»

Налета, паводле макрапрагнозу ІПМ, падзенне спыніцца, але і росту істотнага не будзе. Рэальныя заробкі, як чакаецца, зменшацца сёлета на 1 % і стабілізуюцца налета.

«Мы апынемся ў нейкай замарожанай сітуацыі нізкіх прыбыткаў. Такой пастцы беднасці. Ну, да пасткі беднасці яшчэ не дайшло, але штосьці каля таго», – зазначае Зміцер Крук.

Палова шляху да пасткі беднасці ўжо пройдзеная. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, згодна з вынікамі першага кварталу страты неэфектыўных айчынных прадпрыемстваў перавысілі прыбыткі прыбытковых больш як на трыльён рублёў, і грошай на іх падтрымку не хапае ані ў банкаў, ані ў бюджэце. А валавая замежная запазычанасць наблізілася да гадавога абʼёму айчыннай эканомікі. Што праўда, нашая краіна яшчэ захоўвае пэўную інвестыцыйную прывабнасць.

«Беларусь – добрае месца для інвестыцыяў, бо яна мае добра кваліфікаваных людзей і добрае геаграфічнае становішча – паміж Еўразвязам і Расеяй», – мяркуе Робэрт Кірхнер з Нямецкай эканамічнай групы ў Беларусі.

Гэтыя выгады, аднак, паводле прадстаўніка Нямецкай эканамічнай групы, нівелююцца нестабільным заканадаўствам і палітыкай адбірання фінансавых рэсурсаў ад прыватнага сектару на мэты субсідавання дзяржаўнай прамысловасці.

Незалежныя адмыслоўцы прагназуюць – калі распачаць рынкавыя рэформы цяпер, яны могуць вярнуць нашую краіну да моцнага эканамічнага росту цягам года-двух. Але, пры захаванні існай эканамічнай сістэмы яшчэ некалькі гадоў, паглыбленне фізічнай і фінансавай дэградацыі рэальнага сектару, інфраструктуры і адукацыі могуць знізіць інвестыцыйную прывабнасць Беларусі настолькі, што яна загрузне ў пастцы беднасці на дзесяцігоддзі.

Станіслаў Івашкевіч, Белсат

Стужка навінаў