Больш за 90 затрыманняў за 2 гады. Нас б’юць, штрафуюць, за намі сочаць, але мы працягваем

Інфаграфіка

Мы 11 гадоў разам з вамі! 10 снежня 2007 года пачаў спадарожнікавую трансляцыю тэлеканал «Белсат». Яшчэ тады нашая каманда паставіла сабе мэту: спрыяць еўрапеізацыі і дэмакратызацыі Беларусі, асвятляць галоўныя падзеі краіны без цэнзуры і заўсёды на роднай мове. Яшчэ да пачатку нашай дзейнасці ўлады паставіліся да нас, як да ворагаў, пра што сведчаць словы Аляксандра Лукашэнкі, які назваў «Белсат» «глупым, бестолковым и недружественным» праектам.

Рэпрэсіі ўжо штотыдзень, але мы не збіраемся здавацца

Толькі за апошнія 2 гады нашыя журналісты атрымалі штрафаў на $ 74 353, а больш за ўсё нас штрафуюць у Менскай і Гомельскай вобласцях. У дадатак міліцыянты і спецслужбоўцы ствараюць аблавы на журналістаў, спыняюць па дарозе да месца падзеяў і трымаюць у пастарунках міліцыі. А потым вымушаюць плаціць за гэта тысячы долараў штрафаў.

Мапа затрыманняў і штрафаў, якія атрымалі журналісты нашага тэлеканалу ў кожнай вобласці

«Прымушалі распрануцца пры ўключанай камеры»

Журналістка Вольга Чайчыц, якая сёлета стала тэлевізійнаю асобай года, амаль штомесяц атрымлівала позвы ў суд. Воля спецыялізуецца на вулічных пратэстах і стварае рэпартажы з розных куткоў на вострасацыяльныя тэмы. Менавіта яна ездзіць у вёскі ды асвятляе тую жах, за якую ніколі не возьмецца дзяржаўнае тэлебачанне. За год яна была аштрафаваная 11 разоў і неаднойчы затрыманая.

«У Барысаве, калі мяне затрымалі, увесь працэс здымаў на відэа працаўнік у цывільным. У час асабістага агляду, як чалавек іншага полу, ён не меў права быць у памяшканні. То яны знайшлі выйсце, замянілі яго на аператарку. І прымушалі распрануцца! Пры ўключанай камеры. Але тады я адстаяла свае правы, чым іх вельмі здзівіла», – кажа Воля.

Вольга Чайчыц разам з аператарам Сяргеем Кавалёвым

З 35 штрафаў журналістам незалежных медыяў за 2017 год паводле адміністратыўнага артыкулу 22.9 за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў 31 штраф заплацілі журналісты «Белсату».

Адзін з нашых калегаў – Алесь Залеўскі, чыё імя ведае сам Шуневіч, – цягам апошніх трох гадоў меў каля дзясятка сустрэчаў з праваахоўнікамі.

Доўгі час ён быў вядоўцам праграмы «Людскія справы», якая паказвала праблемы беларусаў і дапамагала знайсці выйсце са складаных жыццёвых сітуацыяў. Напрыклад, мы сабралі грошы для Алены Куколь, якая збіралася прадаць нырку, каб выжыць.

Алесь Залеўскі

Падчас «справы лекараў» Алесь зрабіў сюжэт, дзе ўказаў пра затрыманне аднаго з кіраўнікоў РУПу, што займаўся імпартам медпрэпаратаў і абсталявання. Ён аказаўся братам самага маладога ў гісторыі незалежнай Беларусі генерала. Журналіст не мог не ўказаць гэтага факту, бо генерал займаў і дасюль займае высокія публічныя пасады. Той, у сваю чаргу, напісаў асабістую заяву на 25 лістах міністру Шуневічу, дзе быў пералік з 6 пунктаў, паводле якіх Алеся трэба пакараць.

25 сакавіка 2017 года, калі ў Менску быў жорстка разагнаны Дзень Волі, Алесь трапіў у аўтазак, але змог хутка адтуль выбрацца, бо акцыя праходзіла побач з ягоным домам, і ён паказаў АМАПаўцам прапіску, запэўніў «Я тока ў магазін выйшаў». Ужо на наступны дзень ён з аператарам ездзіў вакол Кастрычніцкай плошчы і стрыміў наўпрост з аўта.

«Аднойчы мяне з аператарам браў АМАП, адразу пасля інтэрв’ю з украінскаю снайперкай. На Дзень Волі 2017 г. мяне затрымлівалі тры дні запар: за дзень перад, у дзень акцыі ды на наступны», – узгадвае Алесь Залеўскі.

У выніку іх усё ж затрымалі, і ён разам з дзясяткамі іншых трапіў у Цэнтральны РУУС, дзе адбылася сумна вядомая паказальная расцяжка. Міліцыянты пры мінусавой тэмпературы выгналі затрыманых у двор, прымусілі распрануцца і стаць ілбом да сцяны.

Пра рэгіёны не забываюць таксама

Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук – журналісты «Белсату» па Берасці і Берасцейскай вобласці. Толькі сёлета яны атрымалі штрафаў больш чым на $ 5 000

На барацьбу з белсатаўцамі ўлады кідаюць вялікія рэсурсы. Асабліва іх злуе, калі мы едзем у вёскі ды маленькія гарады, вось там ясна бачна, да якога жабрацкага стану краіну давёў Аляксандр Лукашэнка. Увесну 17-га года падчас асвятлення акцыі недармаедаў у Кобрыне супраць журналістаў была арганізавана спецаперацыя. Іх спынілі ды вывалаквалі з аўта 6 невядомых людзей, потым высветлілася, што гэта начальнік Кобрынскага аддзелу барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю, а іншы – аддзелу барацьбы з наркотыкамі.

«Бралі нас як сапраўдных злодзеяў. Мы прывялі больш як 3 гадзіны ў РАУСе, у нас забралі тэхніку, а потым судзілі», – узгадвае Алесь.

Цікава, што затрыманне шмат людзей знялі на тэлефоны, а потым міліцыянты ездзілі па горадзе і прымушалі людзей выдаліць відэа, у выніку яны дасягнулі сваёй мэты.

Мілана і Алесь працуюць на акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу

Апошнія 3 месяцы журналісты бачаць рэгулярны ціск з боку ўладаў, вядзецца як фізічнае, гэтак і электронная сачэнне, міліцыянты ўломваюцца ў іхныя дамы амаль кожныя выходныя.

«Аднойчы, калі я вяртаўся з бацькоўскага сходу, мянты акружылі школу, дзе вучыцца маё дзіця, каб перадаць мне позву ў міліцыю», – кажа журналіст Алесь Ляўчук.

Усе гэтыя дзеянні накіраваныя на тое, каб задушыць незалежны голас. Прадстаўнікоў уладаў на розных узроўнях папросту выбешвае, што мы, нават не маючы акрэдытацыі, паказваем тое, што яны так старанна хаваюць ад грамадства. Ну а мы будзем працягваем казаць праўду і паказваць тое, чаго не могуць іншыя, як кажуць: «Заставайцеся з «Белсатам!»

Васіль Русецкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары