Больш за 800 дзеячоў культуры і мастацтва Беларусі патрабуюць спыніць гвалт


Больш за 800 дзеячоў культуры і мастацтва Беларусі падпісаліся пад адкрытым лістом з патрабаваннем спыніць беззаконне і рэпрэсіі, якія ахапілі ўсю краіну і дабраліся да сферы культуры.

Прадстаўнікі сферы культуры заклапочаныя сітуацыяй у Беларусі і перакананыя, што існы крызіс патрабуе неадкладнага законнага вырашэння, інакш наступствы прававога дэфолту адкінуць нашу краіну назад у развіцці і створаць глебу для самавольства і беззаконня. Адзіным выйсцем ў гэтай сітуацыі з’яўляецца тэрміновае правядзенне паўторных выбараў у адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі.

«Мастакі, музыканты, акторы, пісьменнікі, паэты, архітэктары, дызайнеры, фатографы, выдаўцы, стылісты, прадусары, прамоўтэры, навукоўцы і даследчыкі культуры, культурныя актывісты, кіраўнікі творчых аб’яднанняў і калектываў, студэнты і выкладчыкі творчых спецыяльнасцей ВНУ — мы ўсе надзвычай абураныя і катэгарычна асуджаем недапушчальныя ў цывілізаванай дзяржаве факты парушэння закона Рэспублікі Беларусь, неабгрунтавана жорсткі гвалт над мірнымі грамадзянамі з боку сілавых структур і фальсіфікацыю вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў адкрытым лісце.

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. Акцёры чакаюць міністра культуры. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Падпісанты ліста звяртаюць увагу, што працаўнікоў культуры звальняюць, уносяць імёны ў чорныя спісы непажаданых артыстаў, наўпрост аказваюць ціск, запалохваюць, саджаюць у турмы. Многія дзеячы культуры апынуліся за кратамі.

Прадстаўнікі сферы культуры патрабуюць прызнаць выбары 9 жніўня несапраўднымі. Таму лічаць, што неабходна правесці паўторныя выбары, але ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і пры ўмове адстаўкі існага складу ЦВК з прыцягеннем іх да адказнасці. Акрамя таго, падпісанты ліста патрабуюць спынення гвалту, ціску і рэпрэсіяў, аднаўлення на працы ўсіх звольненых працаўнікоў сферы культуры.

У спісе патрабаванняў і іншыя пункты:

«Вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, а таксама ўсіх грамадзянаў, затрыманых падчас мірных акцыяў, незаконна аднесеных да праяваў супрацьпраўнай дзейнасці.

Спыніць супрацьпраўную дзейнасць працаўнікоў сілавых органаў і правесці праверкі законнасці іх дзеянняў, пачынаючы з моманту збору подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Распачаць справу па факце збіцця і зверскіх здзекаў з грамадзянаў, затрыманых падчас мірных дэманстрацыяў. Прыцягнуць да адказнасці кіраўнікоў сілавых структураў, адказных за гвалт, расправы і пагрозы, за ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё грамадзянаў.

Аказаць паўнавартасную медычную, псіхалагічную, прававую і матэрыяльную дапамогу ўсім пацярпелым ад неправамерных захадаў прадстаўнікоў сілавых структур.

Неадкладна пачаць адкрыты грамадскі дыялог улады з прадстаўнікамі народа на прадмет правядзення сумленных, празрыстых і справядлівых выбараў у Рэспубліцы Беларусь з наступнай перадачай прэзідэнцкіх і ўладных паўнамоцтваў законна абранаму кіраўніку дзяржавы».

Падпісанты адкрытага ліста папярэджваюць, што калі іх не пачуюць, то яны адмовяцца ад прадстаўлення нацыянальных інтарэсаў краіны або адмовяцца ад арганізацыі міжнародных і нацыянальных культурных мерапрыемстваў.

Hавiны
Фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую звольнілі з нацыянальнай каманды
2020.10.06 15:37

СК belsat.eu

Стужка навінаў