Паводле рэжысёра, расейская п’еса 19 стагоддзя актуальная сёння ў Беларусі.
У новае пастаноўцы Мікалая Пінігіна тэкст арыгіналу пераклалі на «трасянку»: дзея адбываецца ў павятовым горадзе, беларуская літаратурная гаворка гучыць толькі з вуснаў Хлестакова, госця са сталіцы.
Тлумачэнне гогалеўскай п’есы зрабіла Марыя Пушкіна – і яна не баіцца, бо «у кожнай эпохі свой Гогаль».
«Вельмі дзіўна было б, каб мы паставілі ўсё так, як было ў ХІХ стагоддзі. Тады гэта быў выклік, гэта было так смела! І можна было трапіць у Сібір. Мне падаецца, калі быў такі эстэтычны ўзровень смеласці ў ХІХ стагоддзі, то варта падтрымліваць такі ж узровень смеласці і цяпер», – кажа перакладчыца ў размове з радыё «Свабода».
Купалаўскую версію «Рэвізора» «Інтэрфакс» называе «незвычайнай», «БелТА» – «нечаканай».
Паводле Мікалая Пінігіна, мастацкага кіраўніка Купалаўскага і пастаноўшчыка спектаклю, «Рэвізор» – актуальны для беларускага гледача, бо гаворка там вядзецца пра чыноўнікаў:
Аляксандр Рыгоравіч на кожнай нарадзе кажа: «Хлопцы, не крадзьце: сядзеце!». Крадуць! Памятаеце, як Карамзін прыехаў у Парыж? У яго мігранты пытаюцца: «Як там у Расеі? Адкажыце двума словамі«. «Крадуць», – адказвае.
«Гэта расейская п’еса. У нас іншая сітуацыя. Але падобная з пункту гледжання той цывілізацыі, якую стварылі чыноўнікі», –дадае Пінігін.
«Рэвізор» на сцэне Купалаўскага ставіцца не ўпершыню. У савецкі час ролю Гараднічага бліскуча выконваў народны артыст Беларусі Віктар Тарасаў.
Згодна са звесткамі сайту тэатру, білеты на сённяшні спектакль раскупленыя цалкам, на прадстаўленні 7, 13 і 21 лютага засталося некалькі білетаў.
ДД