З 12 кастрычніка ўступіла ў дзеянне новая рэдакцыя Правіл аўтамабільных перавозак пасажыраў.
Згодна з новымі правіламі пасажыр без білета павінен заходзіць праз пярэднія дзверы. Адказнасці за гэта няма, але калі безбілетнік у час пік увайшоў у транспарт праз заднія дзверы, то кантралёр можа яго аштрафаваць.
«Аргументы, што пасажы не паспеў набыць білет, не будуць прымацца ў якасці апраўдання», – распавёў TUT.BY кіраўнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтрансу Сяргей Дубіна.
Таксама цяпер у пасажыраў з’явіўся абавязак пры ўваходзе ў транспарт прыкладаць да валідатара электронны білет.
Акрамя таго пасажырам дазволілі правозіць у грамадскім транспарце вуды, садовы інвентар, музычныя інструменты ў футарале, інвалідныя крэслы ды мыліцы.
Са згоды перавозчыка можна будзе перавозіць ровар. Праўда, пакуль у Беларусі абсталяванага для правозу ровараў транспарту няма.
ЮВ, belsat.eu