Берасцейку будуць судзіць за тое, што ейнае дзіця зляпіла снегавіка, журналістаў – за асвятленне пратэстаў супраць заводу


Споўніўся год, як берасцейцы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу, які будуецца непадалёк гораду. 5 студзеня актывісты кампаніі супраць будаўніцтва прыехалі да заводу, каб адзначыць гэтую падзею. Некаторыя ўзялі з сабой дзяцей, тыя зляпілі снегавікоў. Для берасцейкі Юліі Нічыпарук лепка снегавікоў скончылася адміністратыўным пратаколам, яго сёння склалі ў міліцыі Берасцейскага раёну. Цяпер 30 студзеня жанчыну будуць судзіць.

Справка

«Нашы дзеці зляпілі снегавіка, мы дапамаглі ўпрыгожыць. За гэта мяне выклікалі ў міліцыю і склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП РБ. У пратаколе напісана, што на сярэдняй частцы снегавіка размешчана ўлётка, на верхняй налепка. Я лічу, што гэта абсурд. Зараз цікава будзе паглядзець, чым усё гэта скончыцца ў судзе» – сказала «Белсату» Юлія Нічыпарук.

Таксама ў Берасці судзяць журналістаў, якія асвятляюць акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу. Чарговыя пратаколы складзеныя на Алеся Ляўчука і Мілану Харытонову, за супрацу з нашым тэлеканалам. Іх будуць судзіць 25 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Берасця па артыкуле 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ). Журналістаў абвінавацілі ў тым, што 2-га і 30-га снежня мінулага году яны былі на цэнтральнай плошчы Леніна і бралі інтэрв’ю ў берасцейцаў, а потым відэа з’явіліся на сайце тэлеканалу «Белсат». Ляўчука і Харытонаву судзілі ўжо сем разоў, іх агульны штраф склаў больш за 6700 долараў. Позвай у міліцыю на заўтра выклікаюць і незалежнага журналіста Яўгена Скрабца.

«На нас з Міланай Харытонавай складзена адразу 4 пратаколы. Кожнае наша з’яуленне на плошчы гэта пратакол, затым суд і вялікі штраф. За мінулае кармленне галубоў мы атрымалі 1200 долараў штрафу. Улада робіць усе, каб СМІ не асвятлялі гэтую тэму. Але ў мяне наадварот расце жаданне займацца гэтай тэмай» – заявіў Алесь Ляўчук belsat.eu.

Hавiны
Журналісты знялі кармленне галубоў на цэнтральнай плошчы Берасця і атрымалі 1200 доллараў штрафу
2019.01.15 13:57

У сваю чаргу мясцовыя ўлады адмовілі жыхарам Берасцейскага раёну ў правядзенні мясцовага рэферэндуму. На рэферэндуме планавалася выказацца па пытанні будаўніцтва акумулятарнага заводу. Выконваючы абавязкі старшыні выканкаму Берасцейскага раёну Віктар Лукашэвіч адказаў актывістам, што «будаўніцтва акумулятарнага заводу на тэрыторыі Берасцейскага раёну мае важнае і галоўнае значэнне для інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, гэта значыць дзяржавы ў цэлым, а не асобнага раёну, і ўключана ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, зацверджаную ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 студзеня 2017 г. №31

Праваабаронца Раман Кісляк ужо заявіў, што ініцыятыўная група па правядзенні рэферэндуму плануе абскардзіць гэта рашэнне ў судзе.

«Улады адказалі, што будаўніцтва заводу гэта пытанне рэспубліканскага значэння, але калі праводзілі грамадскія слуханні, жыхароў Берасця на іх не запрасілі, калі мы ў іх пыталіся чаму, нам адказалі, што гэта кампетэнцыя выканкаму Берасцейскага раёну. Мы бачым, што ўлады трактуюць заканадаўства, так як ім зручна. Таму мы ідзем у суд» – распавёў belsat.eu Раман Кісляк.

З 25 лютага 2018 года берасцейцы выходзяць на галоўную плошчу гораду, дзе кормяць галубоў і абмяркоўваюць апошнія навіны, звязаныя з магчымай працай акумулятарнага заводу недалёка ад Берасця.

Аб’ектыў
«Вядома, супраць будаўніцтва заводу». Берасцейцы хочуць правесці рэферэндум
2018.12.12 22:13

ХВ belsat.eu

Стужка навінаў