«Вядома, супраць будаўніцтва заводу». Берасцейцы хочуць правесці рэферэндум


Патэнцыйна небяспечны берасцейскі акумулятарны завод «Ай-Паўэр» амаль гатовы да эксплуатацыі. Расставілі абсталяванне, падлучаюць камунікацыі… А за плотам заводу – пратэстоўцы збіраюць подпісы за правядзенне рэферэндуму, які мае не дапусціць запуску канвеера. У каго больш шанцаў на перамогу?

Газон ужо зелянее, на пясок кладзецца плітка. Усё кажа пра завяршэнне будоўлі аб’екту супраць запуску якога абʼядналася ўся аколіца.

«Супраць, вядома. Супраць будаўніцтва заводу».

«Мы таксама супраць будаўніцтва гэтага заводу. Я шматдзетная маці – у мяне трое дзетак і ўсе маленькія».

«Гэта настолькі ўжо адсталая вытворчасць і тэхналогія. Разумею калі б там літый палімер рабіць збіраліся, каб яно было на перспектыву», – кажуць жыхары пасёлку Тэльмы.

У некалькіх кроках ад Берасця вырас гмах заводу, ад ужо дзейных аналагаў якога ў свеце адмаўляюцца.

Гаворка пра выраб стартарных свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў для легкавікоў, грузавікоў ды трактароў. І пра адпаведныя адкіды ў паветра. Гэта першы ў гісторыі краіны прамысловы абʼект, спрэчкі вакол экалагічнай бяспекі якога выраслі ў неабходнасць рэферэндуму. Для ініцыятараў – гэта перадусім спосаб інфармавання насельніцтва, але ня толькі.

«Калі мы ўсё ж атрымаем дазвол, то спадзяемся, што гэта станецца яшчэ адною падзеяй, якае зверне ўлады ў наш бок і яны задумаюцца над тым, што ж яны твораць паблізу Берасця!» – кажа Юлія Зубак, працаўніца на будаўніцтве заводу.

Дыхаць «праблемаю» усім, але галасаваць – толькі жыхарам берасцейскага раёну. Бо знаходзіцца завод па-за рысаю гораду – у Свабоднай Эканамічнай Зоне «Берасце».

У раёне пражываюць 42 тыс. чалавек. Рэферэндум прызначаць, калі цягам двух месяцаў «ЗА» ініцыятыву падпішацца 10 % жыхароў. Гарадское насельніцтва ў нагалошванні праблемы больш актыўнае ((пікеты)), але голас каманды, якая пікетуе супраць вытворчасці – чуваць і глыбока ў раёне.

«Бо ў гэтай арганізацыі вельмі шмат рэальных адмыслоўцаў, якія імкнуцца адсачыць усе пытанні, звязаныя з абсталяваннем, з наступствамі працы, з тэхналагічнымі працэсамі, якія будуць на гэтым заводзе праходзіць», – тлумачыць Валянцін Лазарэнкаў, актывіст арганізацыі «За свой горад».

Арганізацыя дамаглася паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Сустрэліся з міністрам прыроды Андрэям Худыкам.

«Каб ён прыняў рашэнне і згодна з Законам Рэспублікі Беларусь спыніў гэтае будаўніцтва. Тут – 700 старонак аргументаў», – кажа Дзмітрый Бекалюк, праціўнік будаўніцтва заводу.

Улада вядзе дыялог неахвоча, забараняе гучна пратэставаць: з трыццаці адной заяўкі на правядзенне мітынгу ўхваленая была толькі адна! У дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця краіны Савет Міністраў надаў праекту заводу вызначальную ролю. У рэалізацыю і абсталяванне ўкінулі вялікія грошы. Сябры ініцыятыўнай групы і жыхары найбліжэйшага да абʼекту пасёлку Тэльмы ўпэўненыя, што рэферэндуму – быць. Даверу няма – што да ягоных вынікаў:

«Магчыма намахлююць, я ж ня ведаю як яны там працуюць».

«Ёсць на вышэйшым узроўні ўказанні аб будаўніцтве, таму… паспрабаваць, безумоўна, можна, але не ведаю наколькі гэта будзе эфектыўна».

«У нас заўжды ў краіне была карупцыя. Нічога ніколі чэсна не лічылася».

Калі ўдасца ініцыяваць рэферэндум, то наступным крокам актывістаў будзе змаганне за права назіраць за галасаваннем і падлікам галасоў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu