«Белсат»: абмежаванне медыям ў Беларусі доступу да статыстыкі COVID-19 – недапушчальнае


Тэлеканал «Белсат» далучаецца да патрабаванняў калегаў адкрыць інфармацыю аб эпідэміі для незалежных медыяў, што павысіць давер людзей да статыстыкі і супакоіць інфармацыйную прастору, поўную фэйкаў і недакладнасцяў.

Рэдакцыя тэлеканалу лічыць, што ў нетыповай для дзяржавы, сістэмы аховы здароўя і для кожнага беларуса сітуацыі – адзіны спосаб на ўзаемакантраляванне і ўзаемадапамогу – гэта своечасовая і адкрытая для ўсіх грамадзянаў інфармацыя.

Аўдыторыя тэлеканалу «Белсат» – гэта сотні тысячаў беларусаў у розных кутках краіны, якія маюць права ведаць пра COVID-19 з крыніцаў, якія абіраюць самі. Рэдакцыя перакананая, што цяпер адна з галоўных задачаў кожнага медыя (незалежна ад формы ўласнасці ці месца рэгістрацыі) палягае ў як мага больш аператыўным і шырокім інфармаванні сваіх чытачоў, гледачоў ці слухачоў аб распаўсюдзе каронавірусу ды эфектыўных метадах барацьбы з гэтай інфекцыяй. У такой сітуацыі абмежаванні ў доступе да інфармацыі, што да колькасці захворванняў, геаграфіі распаўсюду хваробы, захадаў дзяржавы ў спыненні пашырэння эпідэміі – недапушчальныя, а нават злачынныя! Інфармаваны, свядомы рэальнай небяспекі чалавек, мае значна больш магчымасцяў зрабіць усё ад яго залежнае, каб не заразіцца і далей не заражаць іншых.

З падобнымі просьбамі і заявамі да кіраўніцтва Беларусі звярнуліся нашыя калегі з «БелаПан» і NAVINY.BY, парталу TUT.BY і «Беларускай асацыяцыі журналістаў» – з тым, каб найхутчэй атрымаць поўны і празрысты доступ для медыяў да інфармацыі ў справе пашырэння COVID-19 у Беларусі.

Belsat.eu у такой інфармацыі адмаўляюць найчасцей, аргументуючы гэта адсутнасцю акрэдытацыі ў Беларусі. Спробы атрымаць акрэдытацыю калектыў робіць штогод.

Стужка навінаў