«Белнафтахім» спадзяецца атрымаць у сакавіку 250 тысячаў тон нафты з Азербайджану


Дзяржаўная нафтавая кампанія Азербайджана цягам сакавіка паставіць ў Беларусь тры партыі нафты. «Белнафтахім» мае атрымаць каля 250 тысячаў тон сыравіны праз порт Адэсы і нафтаправод «Адэса-Броды», паведамляе Interfax.by.

Першая партыя нафты ў пятніцу 6 сакавіка адпраўленая з порта Джэйхан (Турцыя). На працягу месяца азербайджанская кампанія «Socar Trading» паставіць у порт Адэсы яшчэ два танкеры па 80 тысячаў тонс сыравіны.

«Ёсць дамоўленасці з «Socar Trading» пра пастаўку ў сакавіку трох партыяў нафты агульным аб’ёмам каля 250 тысячаў тон у порт Адэскай вобласці. Далей нафта паступіць па трубаправодзе Адэса-Броды, а потым праз Броды-Мазыр на Мазырскі НПЗ», – адзначаюць у «Белнафтахім».

Раней у лютым канцэрн «Белнафтахім» паведаміў, што набыў 160 тыс. тонаў расейскай нафты ў трэйдараў без прэміі з транзітам праз Літву. Беларуская кампанія па экспарце нафты БНК інфармавала чыгунку Літвы, што танкеры чакаюцца 3-4 сакавіка і 13-15 сакавіка.

Кампанія Lietuvos gelezinkeliai плануе перавозіць з Клайпеды да беларускай мяжы па 100-150 вагонаў з нафтай у содні, а ўвесь груз павінен быць дастаўлены на працягу 10 дзён.

  • Раней кошт нафты для Беларусі разлічваўся па формуле «рынкавы кошт + прэмія пастаўшчыкам». Аднак з улікам рэалізацыі Расеяй чарговага этапу падатковага манеўру кошт расейскай нафты для Беларусі вырас (паводле ацэнак «Белнафтахіму», цяпер цана складае каля 83% ад сусветнай). У гэтых умовах Менск палічыў старую нафтавую формулу несправядлівай і плаціць прэмію адмовіўся. Праз гэта напрыканцы 2019 года Беларусь не змагла заключыць нафтавыя кантракты з асноўнымі расейскімі кампаніямі-пастаўшчыкамі – «Раснафта», «Сургутнафтагаз», «Газпрамнафта».
Стужка навінаў