«Беларусы не ўмеюць смяяцца з сябе». Гісторыі і правілы жыцця Віктара Шалкевіча


Сваё шасцідзесяцігоддзе самы вядомы бард Беларусі Віктар Шалкевіч адзначыў вялікім канцэртам у Менску. Мы спаткаліся з Віктарам і паразмаўлялі пра тое, якім ён пабачыў жыццё за свае 60 гадоў.

«Я і так усё жыццё займаюся тым, што на людзях стаю»

А што такое 60 гадоў? Гэта практычна нічога. Глядзіш на маладых людзей, якія сядзяць нешта лапочуць адзін аднаму, нейкія планы будуюць, думаеш: «Божа, няўжо я такім быў?»

Жыццё вельмі дынамічнае. Толькі калі азірнешся на сябе ў люстэрка побач з маладой дзяўчынаю, то разумееш, колькі табе гадоў.

Раней пісалася ўсё лягчэй, перад табою быў акіян тэмаў, цяпер не хочацца вяртацца да таго, да чаго калісьці вяртаўся. Хочацца шукаць нешта новае.

Жыццё ўвесь час падкідвае нейкія новыя ідэі. Самае смешнае, што памяць фіксуе толькі тое, што трэба фіксаваць, усё астатняе вылятае да чортавай мацеры, застаецца толькі самае патрэбнае.

Я не медыйны чалавек, я не люблю гэтага абсалютна. Вось гэтае вось усё: схадзіў у прыбіральню ўдала – апавясціў інтэрнэт. Нешта зрабілася – апавясціў. Гэта жыццё напаказ, а я і так усё жыццё займаюся тым, што на людзях стаю.

«А вы хочаце, каб на мяне прафсаюз загнаў 10 тысячаў чалавек?»

Мне залежыць на якасці, а не на колькасці. Колькасць разумных людзей не ўзрастае ў геаметрычнай прагрэсіі. Адзін, другі, трэці. Мне падабаецца, калі да мяне звяртаюцца сапраўды разумныя людзі.

Калі я гляджу на свайго любімага барда Яраміра Нагавіцу, ён стаіць з гітарай, а там сапраўды стадыён людзей. Але гэта людзі, якія думаюць, як ён, гавораць на той самай мове, што і ён. Паміж імі існуе такая лучнасць.

А вы хочаце, каб на мяне прафсаюз загнаў 10 тысячаў чалавек? Што я там буду пець пра «румяную сінявокую»?

Я не прывык выцягваць з гаманцоў людзей грошы ды жыць за іхны кошт. Разумею, што мае гледачы – людзі абсалютна небагатыя. Гэта студэнты, гэта інтэлігенцыя, гэта настаўнікі. Каб я кожны месяц лез у іхныя кішэні, рабіў канцэрты, гэта было б не вельмі прыгожа з майго боку.

Цікава граць канцэрты нават для 50–100 чалавек, абы яны разумелі, пра што ты гаворыш.

«Я сябе адчуваю сваім ад Лісабону да Іркуцку»

Тут мая зямля. Я адчуваю, што гэта мае людзі, мая зямля. Я тут адбыўся нейкім чынам. З’язджаюць, калі ўжо невыносна. Але мае продкі і пры немцах жылі, і пры ўсіх жылі, жылі і пры царскай Расеі – нічога, ніхто адсюль не з’язджаў. Трэба камусьці тут заставацца.

Я сябе адчуваю сваім ад Лісабону да Іркуцку.

Калі вы не можаце ашчаслівіць усяго чалавецтва, ашчасліўце хаця б тых, хто побач з вамі.

Чалавек сам сабе цікавае знаходзіць у жыцці, і цікавае да яго прыбіваецца.

«Я нікога ў жыцці не хацеў абразіць»

Беларусы не ўмеюць смяяцца з сябе. Умеюць смяяцца жыдочкі, умеюць смяяцца ўкраінцы, палякі ўмеюць смяяцца. Беларусы не ўмеюць, бо, шчыра кажучы, няма з чаго смяяцца.

Я нікога ў жыцці не хацеў абразіць. Абражалася на мяне вельмі моцна маладая інтэлігенцыя.

У 90-я гады ўсе ж былі такія нацыянальна-патрыятычныя, такія чысценькія, бела-чырвона-белыя – анёлы!

Як мой бацька нябожчык казаў: «Яшчэ тры пюрыны ў сраку ўставіш, то ў рай паляціш». Я пеў «Засранцы папсавалі танцы», а яны: «Як так можна, мы ж тут Беларусь адраджаем». Ну, дурата поўная!

Пра «Жлобскую нацыю» я ўвогуле маўчу, бо нехта, хто на другім баку акіяну, варочаецца і падскоквае.

Да мяне падышлі два харошыя такія нашыя жыдочкі пасля канцэрту і кажуць: «Вы знаете, нам сказали, что вы антисемит, и мы специально пришли вас послушать. Мы послушали. Вы не антисемит».

«На сцэне немагчыма схлусіць»

Гледачы забываюць пра актора, як толькі выходзяць з тэатру. Падарыў паўтары гадзіны радасці, і забыліся пра яго. Гэта дастаткова трагічная прафесія.

На сцэне немагчыма схлусіць. Калі пачынаеш пра Сінявокую заліваць, відаць адразу, што заліваеш. А калі ты дастаткова шчыра пра нешта распавядаеш – табе вераць. І гэта добра.

Трэба займацца ўсім. Калі чалавек усім займаецца, ён сябе ўзбагачае.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары