Бонус на праезд у таксі. Сэрвіс «7220» разаслаў гарадзенцам смс-паведамленні з прапановаю атрымаць 5 рублёў на праезд пасля ўвядзення прома коду «@covid19» у мабільным прыкладанні. Чаму не дагадзілі кліентам – высветліў Belsat.eu.
Бясплатным кіламетрам ад «7220» усцешыліся не ўсе колішнія кліенты.
«Ага, раздаюць бонусы, бо выкліканы пандэміяй крызіс дабраўся і да таксі», – пішуць адныя. Іншыя крытыкуюць назву акцыі «@covid19», маўляў «таксі робіць бізнес на костках». PR-дырэктар службы таксі «7220» Арцём Кот патлумачыў, што аніякіх падтэкстаў назва акцыі ў сябе не нясе.
«Мы вітаем, калі гараджане будуць сядзець удома, хоць афіцыйна каранціну ў Беларусі няма. Шмат хто аднак мусіць ездзіць на працу, і лепш – не ў грамадскім транспарце. У нашых аўтах усё стэрыльна, ёсць антысептыкі, а кіроўцы праходзяць кантроль. Мы гатовыя ў цалкам бяспечным рэжыме дастаўляць людзей на працу і з працы дамоў. І на пачатак даем усім па 5 рублёў праз прома код», – рэзюмуе Арцём Кот.
У сувязі з актыўным распаўсюдам каронавірусу ў свеце людзі намагаюцца трымаць дыстанцыю і пазбягаць прыбывання сярод вялікай колькасці людзей. Шмат суайчыннікаў самаізаляваліся, ідучы ў нагу з паловаю краінаў свету. Бізнес для натоўпаў – транспарт, рэстарацыі, канцэртныя і кіназалы, стадыёны – прасеў у кожнай краіне. Ці на месцы ў такой сітуацыі вінаваціць таксі і кур’ераў у выкарыстанні моманту дзеля прыцягнення кліентаў?
«У нас не першая такая акцыя, акцыі рэгулярна ідуць. А рынак таксі, як і любы бізнес, перажывае стрэс. Не так моцна як грамадская гастраномія, але спад адчуваецца. Тым не менш мы не скарачаем штат. Усе супрацоўнікі атрымліваюць заробак», – кажа Арцём Кот.
Пры гэтым усе адказныя службы таксі маюць дадатковыя выдаткі на сродкі гігіены для сябе і пасажыраў. Некаторыя прыватнікі, за адсутнасцю звычайнай плыні кліентаў, далучаюцца да курʼерскай працы. Ведаюць, што гэта часова.
З кожным днём пашыраецца кола беларускіх кампаніяў, якія хлебам, транспартам, грашыма і тэхналогіямі дапамагаюць у змаганні з наступствамі эпідэміі. Як бізнес ахвяруе на агульную справу, і на якіх пляцоўках збіраюць грошы для медыкаў, падрабязна распавядаў Belsat.eu. Вялікі ўнёсак у агульную справу робяць і шараговыя грамадзяне.
АК Belsat.eu