Татальны каранцін уратуе жыцці, але знішчыць бізнес


Светам валадарыць пандэмія каронавіруса. Яна не толькі пагражае здароўю і жыццю людзей. Пандэмія мае і цалкам адчувальныя эканамічныя наступствы. Не засталася ўбаку і Беларусь. Урад сцвярджае: распаўсюд каронавіруса сёння кантралюецца. Але як рэагуе на пандэмію беларускі малы бізнес?

Адна з сфераў, па якой найбольш балюча ўдарыла закрыццё межаў у якасці каранціннай захады, – гэта турыстычная сфера. Паводле кіраўніка парталу holiday.by Андрэя Барашкі, яна ў шоку: скасоўваюцца паездкі за мяжу, людзі, баючыся страціць грошы, адмаўляюцца ад ужо запланаваных паездак. Ён асцерагае ад звяртання ў суды дзеля вяртання грошай за адмененую паездку: калі суды будуць заваленыя пазовамі – турыстычнаму аператару будзе прасцей абвесціць сябе банкрутам, і тады напэўна ніхто не атрымае грошай.

«А грошы ёсць, – гаворыць Андрэй Барашка. – Я не ведаю ніводнага беларускага тураператара, які сёння кажа: «Мы не аддамо грошай». Яны кажуць: «Давайце мы будзем вось гэтыя міжнародныя справы кожную разглядаць і неяк адкочваць назад».

Але, паводле старшыні Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзіміра Карагіна, не толькі турыстычныя аператары ды прадаўцы масак адчулі на сабе ўплыў пандэміі. Занепакоеныя наагул усе прадпрымальнікі, бо яны не ведаюць, як будуць жыць і працаваць ужо зараз.

Уладзімір Карагін мяркуе, што ўвядзенне татальнага каранціну можа мець проста катастрафічныя наступствы, бо эканамічны патэнцыял Беларусі вельмі абмежаваны. Ён тлумачыць: большасць беларускіх кампаніяў – гэта мікрабізнес, які не мае ўласнай нерухомасці і без падтрымання дзяржавы можа не перажыць перапынку ці складанасцяў у функцыянаванні падчас каранціну. Гэта ў сваю чаргу прывядзе да беспрацоўя і яшчэ большага пагаршэння эканамічнай сітуацыі.

Чаму дзяржава мае падтрымаць прадпрымальнікаў калі не матэрыяльна, дык проста на ўзроўні закону, ілюструе прыкладам старшыня рады РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка:

«Мы пачалі кампанію за зніжэнне арэнднай платы. Нашыя прадпрымальнікі па ініцыятыве «Перспектывы» панеслі зварот. Ведаеце, што адказалі ў Віцебску на адным з рынкаў? «Што вы да нас прыйшлі? У нас каранціну няма. У нас надзвычайнага становішча няма. У нас эпідэміі няма. У нас нічога няма. Таму зніжаць арэнду і рабіць вам прэферэнцыі мы не будзем».

Hавiны
Бізнес заклікае ўрад неадкладна прыняць антыкрызісную праграму
2020.03.26 11:46

Урад ужо працуе над пакетам захадаў для забеспячэння стабільнай працы эканомікі, які збіраецца разгледзець прэзідыум Савету Міністраў у аўторак 31 сакавіка. Пра іншыя аспекты пандэміі глядзіце падрабязней у ток-шоу «Кожны з нас».

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Калаж з фота: Николай Костышев, Tumisu

Стужка навінаў