Беларускія праваахоўнікі спынілі праверку абставінаў знікнення Паўла Грыба, чакаюць адказу Расеі


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі часова прыпыніла праверку абставінаў знікнення ў Гомлі 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба, які пазней знайшоўся ў расейскім СІЗА.

Пра гэта заявіў прэс-сакратар МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч, перадае «Радыё Свабода».

Адзначаецца, што праверку па заяве бацькі Грыба праводзіла ўпраўленне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама.

«У межах праверкі накіраваны запыты ў органы ўнутраных спраў Расейскай Федэрацыі. У цяперашні час, да атрымання адказаў, праверка спыненая, канчатковае рашэнне па ёй не прынята», – сказаў Шалькевіч.

На дадзены момант тлумачэння абставінаў, пры якіх грамадзянін Украіны знік у Беларусі, не атрымалі ні яго родныя, ні афіцыйны Кіеў.

Павел Грыб знік 24 жніўня ў Беларусі. Як ён пазней распавёў, на аўтастанцыі ў Гомлі яго выкралі невядомыя ў цывільным і перадалі іншым невядомым у нейкім лесе. Больш за суткі яго трымалі ў памяшканні без вокнаў, пасля чаго адвезлі ў Смаленскую вобласць, дзе аформілі арышт.

Беларусь сваёй віны ў выкраданні ўкраінца расейскімі спецслужбамі не прызнае, МЗС Беларусі не адказвала на адпаведныя ноты Украіны.

Цяпер Грыб знаходзіцца ў Краснадарскім СІЗА. Улады Расеі спрабуюць абвінаваціць яго ў падрыхтоўцы выбуху на школьнай лінейцы ў Сочы. Кастрычніцкі райсуд Краснадара 18 кастрычніка працягнуў тэрмін утрымання яго пад вартай да 4 студзеня 2018 года.

KA, belsat.eu

Стужка навінаў