Каталіцкі святар, экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі, айцец Аляксандр Жарнасек, каментуючы krynica.info паведамленне аб тым, што на БТ рыхтуецца пілотны выпуск новай тэлепраграмы «Хачу ў тэлевізар. Экстрасэнсы», – аналага расейскай тэлеперадачы «Бітва экстрасэнсаў», – прапануе не драматызаваць з’яўленне на айчынных «блакітных экранах» чарговай «чартаўшчыны», але бычыць у яе з’яўленні небяспеку.
Нічога добрага, тлумачыць святар, у з’яўленні такой перадачы няма. Паводле яго, гэта чарговая праява нізкагатунковай мас-культуры, якая працуе на атупленне гледача. «Чалавеку, які жыве без Бога, неразборліваму ў каштоўнасцях, – усё роўна, што глядзець. Ён знойдзе такую перадачу на расейскім тэлебачанні, яшчэ нешта падобнае знойдзе. З’явілася беларуская – значыць, проста на адну больш стала. Але нейкага ўздзеяння на стан справаў у грамадстве гэтая перадача не акажа. Чалавек, які жыве з забітымі такой «культурай» мазгамі, у любым выпадку будзе шукаць у праграме менавіта такія перадачы».
Айцец Аляксандр упэўнены, што для вернікаў прагляд такіх праграмаў можа несці непрыемныя наступствы, – тлумачыць святар.
«Гэта не азначае, што вось чалавек паглядзеў такую перадачу, – і ўсё, жыццё ў яго змянілася, пачалася праблемы, – але праблемы сапраўды пачынаюцца, у двух словах гэтага не распавядзеш, гэта кожны раз індывідуальны выпадак», – дадае айцец Аляксандр, спасылаючыся на сваю экзарцысцкую практыку.
Раней экзарцыст адзначаў, што беларусы вельмі залежныя ад грахоў.
«Наша Беларусь не такая мірная і не такая сінявокая, як часам здаецца. Чорнай магіі ў Беларусі больш чым дзе, таму што наш народ асабліва залежым ад граху зайздрасці, эгаізму і нянавісці », – упэўнены Аляксандр Жарнасек.
Экзарцызм (грэч.: Ἐξορκισμός) – працэдура выгнання злых духаў і іншых звышнатуральных істотаў з апантанага імі чалавека з дапамогаю малітваў, абрадаў.
ЮВ, belsat.eu, паводле krynica.info