Беларусь спрабавала ўвесці нулявыя мыты на ўвоз электрамабіляў у краіну, але іншыя дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюзу не дазволілі ёй гэта. Адпаведны адказ з Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі атрымалі падпісанты петыцыі на партале petitions.by.
Аўтары звароту прасілі адмяніць мыты на ўвоз электрамабіляў для фізічных асоб. На іх думку, гэта мусіла спрыяць абнаўленню аўтапарка краіны, паляпшэнню экалагічнай абстаноўкі і развіццю выкарыстання экалагічнага транспарту з улікам планаванага запуску БелАЭС.
У адказе з Дзяржаўнага мытнага камітэту паведамляецца, што Беларусь прапаноўвала іншым краінам ЕАЭС скасаваць мыты на электрамабілі яшчэ ў канцы 2017 года, але яе не падтрымалі.
Тым не менш, Менск працягне прасоўваць ідэю нулявых мытаў «з улікам інтарэсаў айчынных вытворцаў і спажыўцоў электрамабіляў».
Зараз стаўка мыта складае 15% ад кошту электрамабіля.
МГ belsat.eu