Румасу паказалі электрамабіль і суперкампутар беларускай вытворчасці


Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас наведаў Нацыянальную акадэмію навук і азнаёміўся з новымі распрацоўкамі беларускіх навукоўцаў, паведамляе прэсавая служба Савету міністраў.

Сяргей Румас.
Фота: БелТА

Абʼяднаны інстытут машынабудавання НАН прадэманстраваў эксперыментальны ўзор электрамабіля Geely SC7, які прызначаны для выкарыстання ў якасці ўнутрыгарадскога індывідуальнага транспарту, аўтамабіляў службаў таксі і каршэрынгу.

Аб’ектыў
Лукашэнка прапануе перасадзіць беларусаў… на электрамабілі
2019.03.06 21:01

Максімальны прабег – 100 км, але пастаўленая задача павялічыць гэтую лічбу да 500 км.

Кіраўнік ураду даручыў пралічыць эканамічны складнік выкарыстання беларускіх электрамабіляў і параўнаць з выдаткамі па эксплуатацыі стандартнага аўтамабіля.

«Вядома, мы зацікаўлены, каб было больш вытворчасцяў і прыладаў, якія спажываюць значную колькасць электраэнергіі, але гэта не самамэта, галоўнае – эканамічная мэтазгоднасць усяго працэсу», – падкрэсліў Сяргей Румас.

Hавiны
Беларусь пачынае развіваць дзяржаўную сетку электразарадных станцыяў
2018.10.13 13:15

Не толькі электрамабіль, але і электраровары ад беларускіх распрацоўнікаў

Прэмʼер-міністру паказалі лінейку малога беларускага электратранспарту – электраровары, электраскутары, электраматацыклы. Плануецца ў перспектыве наладзіць сістэму іх пракату ў Батанічным садзе і на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях.

Сяргей Румас.
Фота: БелТА

Навука ў Беларусі для сельскай гаспадаркі

Акрамя таго навукоўцы паказалі эксперыментальны ўзор офіснага суперкампутара з адмысловым праграмным забеспячэннем, а таксама сістэму дыстанцыйнага маніторынгу стану сельскагаспадарчых культураў у маштабе асобнай гаспадаркі.

Сяргей Румас таксама азнаёміўся з распрацоўкамі НПЦ НАН па механізацыі сельскай гаспадаркі. Сярод вынікаў працы навукоўцаў цэнтру – паварочвальнік стужак ільну, паўпрычэпная транспартна-тэхналагічная сістэма на ўніфікаваным трохвосевым шасі грузападымальнасцю 25 тонаў для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў, камбайн для збору ягадаў парэчкі, агрэсту, шыпшыны.

Сяргей Румас.
Фота: БелТА

Лукашэнка ездзіць на электрамабілі, але не на Geely

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў пра неабходнасць стварэння электрамабіляў у краіне. Апрача таго падчас сустрэчы са школьнікамі 1-га верасня кіраўнік краіны прызнаўся, што мае «Тэслу». Са словаў кіраўніка краіны, экслюзіўны аўтамабіль «Тэсла» яму падарыў асабіста Ілан Маск, убачыўшы, што той едзе на двухколавым электраматацыкле.

«У мяне ёсць электрычная машына, ведаеш яе, «Тэсла». Я час ад часу яе тэстую. Маск падарыў», – сказаў Лукашэнка.

Аб’ектыў
Чаму Лукашэнка так любіць хлусіць?
2019.09.04 21:49

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў