Дзяржаўны крэдыт з боку Расеі для Беларусі больш не патрэбен. Пра гэта заявіў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, піша interfax.
«Мы не разглядаем у якасці крыніцы фінансавання крэдыт ураду Расейскай Федэрацыі і, уласна, не вядзем перамоваў з нагоды гэтага крэдыту. Запытаў мы расейскаму боку не прадстаўлялі. На атрыманне расейскага крэдыту мы не разлічваем», – сказаў міністр фінансаў Максім Ермаловіч.
Насамрэч афіцыйны Менск звяртаўся да Расеі яшчэ ў пачатку бягучага году з просьбай выдзеліць крэдыт для рэфінансавання ў памеры 600 мільёнаў долараў. Акрамя іншага, Менск адзначаў, што грошы неабходныя для кампенсацыі стратаў ад расейскага падатковага манёўру. Але гэтае абгрунтаванне не знайшло падтрыманне ў Расеі, Масква не пажадала даць грошы. У выніку міністр фінансаў Беларусі заявіў, што краіна не мае неабходнасці ў «палітычных крэдытах».
Але гэта не азначае, што Беларусь не будзе браць пазыкаў. Паводле словаў Ермаловіча ўжо да канца году афіцыйны Менск атрымае крэдыт у памеры 500 мільёнаў долараў з боку Банку развіцця Кітаю.
СК belsat.eu