Расея не дасць крэдытаў, пакуль не пачнецца інтэграцыя, але Менск разлічвае пазычыць у Кітаю


Расея ўвязвае вылучэнне Беларусі дзяржаўнага крэдыту на $ 630 млн з інтэграцыйнымі працэсамі, цытуе interfax Максіма Ермаловіча, міністра фінансаў Беларусі.

«Міністр фінансаў Сілуанаў (кіраўнік Мінфіна РФ Антон Сілуанаў) неаднаразова казаў, што калі мы выйдзем на нейкую агульную карціну ў справе механізмаў і інструментаў інтэграцыі, тады будзем вырашаць пытанні крэдытнага ўзаемадзеяння ў больш шырокім фармаце, не толькі ў межах гэтага крэдыту, але ў цэлым па ўсім графіку плацяжоў на карысць ураду РФ», – сказаў Максім Ермаловіч.

Кіраўнік Мінфіну Беларусі пры гэтым нагадаў, што ў красавіку Беларусь падпісала пагаднення з дзяржбанкам развіцця Кітаю і перагледзела свае планы выхаду на ўнутраны рынак аблігацыяў намінаваных у замежнай валюце.

«Па выніках перамоваў мы выйдзем на падпісанне крэдытнага пагаднення, плануем да канца гэтага году прыцягнуць 3,5 мільярдаў юаняў, што ў эквіваленце складае больш за 500 мільёнаў долараў», – удакладніў міністр.

Пры гэтым Крэмль практычна прыпыніў выдзяленне крэдытных сродкаў для Менску. Гэтак нават сёмы транш крэдыту ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця ў памеры $ 200 млн, не паступіў на рахункі Беларусі. Першапачаткова ўсе траншы крэдыту павінны былі быць выбраны да канца 2018 года, але Беларусь своечасова не выканала ўмовы для іх вылучэння. Цяпер складанасці ўзніклі і з узгодненым у красавіку сёлета дзяржаўным крэдытам Расеі ў памеры 600 мільёнаў долараў.

Hавiны
Крэдыт на выплату крэдытаў. Масква дае $ 600 млн.
2019.04.02 10:12

СК belsat.eu

Стужка навінаў