Баскаву і Шакуце забаранілі ўезд у Латвію. Іх падазраюць у забойстве Бандарэнкі


Дзмітрый Баскаў.
Фота: belsat.eu

Старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыю Баскаву і баксёру Дзмітрыю Шакуце забаронены ўезд у Латвію. Пра гэта паведаміў у Twitter міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.

Уезд у Латвію ім забаронены «на нявызначаны перыяд».

«Цытую класіку: »Нам такі хакей не патрэбны!«, – пракаментаваў рашэнне міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.

Менавіта з Латвіяй Беларусь у 2021 годзе мусіць праводзіць чэмпіянат свету па хакеі. А людзі, падобныя да Баскава і Шакуты, удзельнічалі ў налёце на «Плошчу Пераменаў», у выніку якога быў затрыманы, а пасля памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка.

Праваабаронцы патрабуюць пачаць крымінальную справу

Беларускія праваабарончыя арганізацыі накіравалі патрабаванні да Следчага камітэту і Генеральнай пракуратуры па факце смерці Рамана Бандарэнкі.

Аб’ектыў
Спартоўцы Лукашэнкі і смерць Рамана Бандарэнкі
2020.11.14 22:02

«Па факце смерці Рамана Бандарэнкі мы патрабуем ад Следчага камітэта і Генеральнай пракуратуры ўзбуджэння крымінальнай справы, а ад органаў унутраных спраў – неадкладнага ўстанаўлення і вышуку асоб, датычных да злачынства», – гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы таксама патрабуюць «ад супрацоўнікаў сілавых структур спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян, адмовіцца ад выканання загадзя злачынных загадаў і распараджэнняў па ўжыванні непрапарцыйнай сілы, гвалту, катаванняў і жорсткага абыходжання да грамадзян; ад Следчага камітэта – неадкладнага ўзбуджэння крымінальных справаў па фактах масавых катаванняў і забойстваў грамадзян, якія ўдзельнічаюць у мірных пратэстах, аб’ектыўнага і бесстаронняга расследавання гэтых фактаў; ад органаў пракуратуры – выкарыстання ўсіх мер пракурорскага рэагавання па спыненні відавочна непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, абʼектыўнага і бесстаронняга нагляду за дзеяннямі следчых па разглядзе заяваў аб катаваннях, расследаванні забойстваў мірных дэманстрантаў».

«Менавіта беспакаранасць супрацоўнікаў міліцыі, якія прымяняюць катаванні, жорсткасць і гвалт да людзей, поўнае ігнараванне базавых правоў чалавека з боку ўлады і праваахоўных органаў, а таксама татальная бяздзейнасць органаў пракуратуры і Следчага камітэта прывялі да дадзенай трагедыі, таму толькі няўхільнае выкананне прынцыпу няўхільнасці пакарання дапаможа пазбегнуць яе паўтарэння, далейшай эскалацыі гвалту і пагаршэння крызісу правоў чалавека ў краіне», – гаворыцца ў заяве.

Дакумент падпісалі 11 праваабарончых арганізацыяў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў