Аўстрыйскія мільярды для Беларусі ці для Лукашэнкі?

ВІДЭА

Аляксандр Лукашэнка прымае высокіх гасцей. Беларусь наведала аўстрыйская дэлегацыя на чале з канцлерам Аўстрыі Зэбаст’янам Курцам, каб узяць удзел у цырымоніі адкрыцця помніку аўстрыйскім ахвярам нацызму ў Трасцянцы. У Беларусь прыехалі прадстаўнікі габрэйскай грамады, сваякі загінулых… а таксама прадстаўнікі эканомікі краіны. Пра сувязі, якія закранаюць не толькі гістарычную памяць, – Вольга Жарнасек.

Канцлер Аўстрыі плячо ў плячо з Аляксандрам Лукашэнкам. Еўрапейскага госця такога рангу ўбачыць у Беларусі можна даволі рэдка.

«Не можа сюды прыехаць Мэркель. Яна ніколі не прыедзе да Лукашэнкі. Не можа Макрон сюды прыехаць, а аўстрыйцы – так», – упэўнены Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

Для Зэбаст’яна Курца гэта ўжо трэцяе спатканне з кіраўніком Беларусі. Але ўпершыню ў ролі канцлера Аўстрыі. Пасля перамогі ягонай партыі ў 2017 годзе Лукашэнка паспяшаўся павіншаваць Курца. А летась паміж імі адбылася тэлефонная размова.

Федэральны канцлер Аўстрыі паабяцаў палепшыць адносіны Беларусі з Еўразвязам

«Партыя Курца – гэта правая партыя, у пэўным сэнсе маргінальная, не вельмі любімая ў Еўразвязе. Курц сам часткова абвінавачваецца ў гэткай аўтарытарызацыі, папулізме. І звычайна такога кшталту рухі, партыі, яны больш схільныя да кантактаў з аўтарытарнымі недэмакратычнымі рэжымамі», – распавядае Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Нічога асабістага – just business. У 2007 годзе кампанія «Telekom Austria Group» набыла акцыі беларускага мабільнага аператара «Velcom». У 2011 годзе на беларускі рынак увайшла аўстрыйская дрэваапрацоўчая кампанія «Kronospan». Нават працаю «BelToll’у» кіруе аўстрыйскі холдынг «Kapsch».

Леанід Заіка мяркуе: «Вельмі моцна працуе інвестыцыйны кампанент, звязаны з капіталам. У Беларусі працуе прадстаўнік буйнога банку Аўстрыі, «Raiffeisen Bank’у», – гэта наш «Прыёрбанк». Дарэчы, кіраўнік гэтага банку – ганаровы консул Аўстрыі ў Беларусі».

Праблемы з дэмакратыяй і правамі чалавека ў такой сітуацыі адыходзяць на другі план. Хоць, паводле парталу reform.by, у першы дзень візіту аўстрыйскі канцлер напісаў у сваім «Twitter’ы» пра намер паразмаўляць з Лукашэнкам аб правах чалавека. Аднак ужо ўвечары гэты допіс не быў дасяжны.

Канцлер Аўстрыі Курц запрасіў Лукашэнку ў Вену

На думку Андрэя Ягорава, палітычны рэжым для Аўстрыі не надта істотны.

«Для аўстрыйцаў цяпер важнае тое, што гэты рэжым забяспечвае пэўную стабільнасць і гарантыі эканамічных інтарэсаў. І, у адрозненне ад іншых гульцоў на беларускім рынку, для іх былі важныя гэтыя стасункі на найвышэйшым узроўні, праз якія гарантавалася надзейнасць інвестыцыяў, бяспека гэтых інвестыцыяў», – дадае дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Таму аўстрыйскія палітыкі і бізнесоўцы не гублялі кантактаў з Лукашэнкам нават у моманты, калі кіраўнік Беларусі быў персонаю нон-грата ў Еўразвязе. Мяркуюць, што менавіта яны адыгралі адную з ключавых роляў у скасаванні еўрапейскіх санкцыяў супраць Беларусі ў 2016 годзе.

«Яны ўважліва адсочваюць сітуацыю і хацелі б ведаць, калі Беларусь пяройдзе да актыўных эканамічных рэформаў, каб яны маглі ў гэтым паўдзельнічаць», – мяркуе Леанід Заіка.

Толькі цягам апошніх васьмі гадоў аўстрыйскі бізнес інвеставаў у Беларусь каля $ 6 мільярдаў. І, праўдападобна, мае большы апетыт.

Міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары