Федэральны канцлер Аўстрыі паабяцаў палепшыць адносіны Беларусі з Еўразвязам


Адкрылі помнік аўстрыйскім ахвярам нацызму ў мемарыяльным комплексе Трасцянец. Але ці толькі дзеля гэтага прыехаў у Беларусь кіраўнік аўстрыйскага ўраду Зэбаст’ян Курц? Раней у якасці міністра замежных справаў Аўстрыі госць абяцаў палепшыць адносіны Беларусі з Еўразвязам. Ці дапаможа гэта Менску і дзе ў Беларусі аўстрыйскія інвестыцыі?

Аўстрыя… Непаўторныя горы, чыстае малако і сапраўдны шакалад…

«Краіна, прыбываючы ў якой людзі могуць пераканацца, што вось гэтак можна жыць – гэта першы наглядны прыклад. І другое – вельмі моцныя прадпрыемствы… для беларусаў гэта як вучэбны цэнтр», – распавядае Леанід Заіка, цэнтр «Стратэгія».

З удзелам аўстрыйскай фірмы «Фэст-Альпінэ» паўстаў Жлобінскі металургічны завод – узорны для нашае прамысловасці.Аўстрыйцам належаць усе акцыі кампаніі мабільнага аператара «Velcom» – шчодрага спонсару культурніцкіх і спартовых імпрэзаў. Алесь Лагвінец, палітолаг:

«Аўстрыя выступае за зняцце санкцыяў супраць Расеі. Аўстрыя яшчэ за саветамі развівала шырока бізнес-адносіны з СССР. Мы ведаем пра пэўныя інвестыцыі ў Беларусь. То бок мы ведаем пра адмысловую пазіцыю гэтай краіны ў палітыцы адносна недэмакратычных краінаў».

Траціну капіталу ў страхавой кампаніі «Купала» – складае аўстрыйскі. Беларусь сталася другою пасля Расеі краінаю, куды прыйшло буйное аўстрыйскае дрэваапрацоўчае прадпрыемства «Кронаспан». Інвестыцыі ў Беларусь перавысілі мільярд долараў. І «Прыёрбанк»… звязаны капіталам іхнага Райфайзен банку… праз які 17 гадоў таму быў аплачаны Аўстрыйскі адпачынак тады неўязнога ў Еўразвяз Аляксандра Лукашэнкі.

«Захад цяпер пракручвае сітуацыю, у якой хоча вывесці Беларусь з-пад апякунства Расеі, разбоўтаць гэтыя стасункі, узмацніць свой уплыў. І тут Мэркель не можа прыехаць напрыклад, бо Беларусь таталітарная краіна», – тлумачыць Леанід Заіка, цэнтр «Стратэгія».

Прадаваць сваю прадукцыю – дакладную механіку, прылады і не звяртаць увагі на палітычны імідж краіны – сутнасць гэтай пазіцыі.Таму госць кіраўніка Беларусі, федэральны канцлер Аўстрыі Зэбастʼян Курц, за свой візіт перад Еўразвязам тлумачыцца не мусіць. Наадварот:

«Недастаткова цвёрдая лінія Вены выгадная Лукашэнку. Ён на сённяшні дзень патрабуе кантактаў з Захадам але шукае такіх партнёраў, якія не будуць павышаць планку ў пытаннях правоў чалавека і пытаннях дэмакратыі», – мяркуе Алесь Лагвінец.

Аляксандр Лукашэнка і Зэбастʼян Курц такое спатканне сабе могуць дазволіць. З кіраўніком ураду краіны-інвестара Аляксандр Лукашэнка сустракаецца ўжо ў трэці раз. Менск і Вену раздзяляюць 1200 кіламетраў. Але адлегласці няма ў інвестыцыйных і таксама сакральных пытаннях: у Трасцянцы супольна адкрылі помнік аўстрыйскім ахвярам нацызму.

«Сёння нас аб’ядналі боль памяці і кліч сумлення, адказнасць за лёсы будучых пакаленняў», – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Падобна Менску, таксама Масква з Аўстрыйскімі дэлегацыямі ўздымае трапяткую для народа тэму вайны і балючую для сябе – тэму санкцыяў Еўразвязу. Спадзеў – што Вена паспрыяе іх скасаванню.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum