Асуджаных за сутычку з міліцыяй маладзечанцаў прызналі палітвязнямі


Беларускія праваабаронцы абвясцілі палітычнымі зняволенымі жыхароў Маладзечна, якія напярэдадні асудзілі за супраціў міліцыянтаў.

У супольнай заяве праваабаронцаў, якая апублікаваная на сайце «Вясны», адзначаецца, што «што пазбаўленне волі Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва; працягласць і ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйны (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім названыя асобы былі прызнаныя вінаватымі; абвінавачаныя пазбаўленыя волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі».

Таксама заяўляецца, што «ва ўмовах несвабоды жыццё і здароўе абвінавачаных можа падвяргацца небяспецы».

Таму прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў заявілі аб прызнанні Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева палітычнымі зняволенымі.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць іх з-пад варты і «пераглядзець прынятыя ў дачыненні да іх меры і судовыя рашэнні пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд».

Hавiны
Тры гады за спробу адбіць у амапаўцаў затрыманага пад час акцыі
2020.09.29 12:18

Нагадаем, што маладзечанцаў судзілі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу Беларусі за супраціў АМАПу з ужываннем гвалту падчас канфлікту з сілавікамі на мірнай акцыі 19 чэрвеня, калі амапавец дастаў пісталет. Суд прызнаў маладзёнаў вінаватымі і пакараў пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму: Паўла Пяскова – на 3 гады і 3 месяцы, а Уладзіслава Еўсцігнеева – на 3 гады. Менавіта такое пакаранне для маладзечанцаў у суддзі і прасіў пракурор Сяргей Габруковіч.

25-гадовага Уладзіслава Еўсцягнеева затрымалі для адбыцця пакарання ў зале суда адразу пасля абвешчання прысуду. 31-гадоваму Паўлу Пяскову змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту яшчэ 18 верасня. Гэтыя 11 дзён будуць залічаныя ў 3,3-гадавы тэрмін пазбаўлення волі.

19 чэрвеня ў Маладзечне каля міліцэйскага буса пратэстоўцы спрабавалі адбіць у сілавікоў затрыманага Міколу Алейніка. На відэа бачна, як у пэўны момант адзін з амапаўцаў трымае ў руцэ пісталет. Следчы камітэт Беларусі аднак не завёў справу супраць сілавіка. Паводле артыкулу 363 «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных справаў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак» пачалі пераследаваць траіх удзельнікаў канфлікту. Трэці з падазраваных па гэтай справе – Уладзімір Непагода – цяпер ў вышуку.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў